Pulpa Paper — адзіная ў Беларусі майстэрня па вырабу ручной паперы. Апантаныя экалягічнымі ідэямі маладыя мамы Настасься і Кацярына прыдумалі незвычайны бізнэс і атрымліваюць замовы з розных краін.
«Дзеці, вада, пульпа — уся кухня белая, усё залітае»
«Мы першыя. Я калі прыдумала, спаць не магла, таму што ну ніхто ў нас такога ня робіць!», — распавядае мастачка Настасься Чарнова ў сваёй невялікай майстэрні на заводзе «Гарызонт». Шматлікія мясцовыя арандатары называюць яго «гарызонтвіль».
У самой майстэрні цяпер усяго два чалавекі: Наста і яе сяброўка Каця Гарай-Камоцкая. Абедзьве дзяўчыны доўгі час былі ў дэкрэце і не чакалі цудаў ад працоўнага рынку. Вырашылі: калі нешта рабіць, то толькі сваё і тое, што падабаецца.
Паспрыяла такому незвычайнаму бізнэсу «амэрыканская» вясельная традыцыя: часьцей за ўсё паперу замаўляюць для запрашэньняў, картак на сталах, вясельных мэню.
«Ёсьць тыя арганізатары сьвятаў, якія заўсёды ў нас замаўляюць — таму што ў Беларусі больш няма ў каго, — сьмяецца Наста. — Трэба было знайсьці такую нішу, дзе ты быў бы ўнікальны. А тут атрымалася, што ў нас яшчэ і ёсьць дапамога, якая спрашчае рэалізацыю».
Сама папера робіцца зь перапрацаваных цэлюлозна-папяровых адходаў, перамолатых і зьмяшаных з вадой — гэта называецца пульпа. Абрэзкі паперы майстэрні бясплатна аддаюць добрыя знаёмыя: на паліграфічнай вытворчасьці застаецца вельмі шмат якаснай баваўнянай паперы. Наста кажа, што яны «супэр-эка» — зьбіраюць тое, што інакш пайшло б на сьметнік, і перапрацоўваюць у прыгажосьць. Кошт паперы — гэта кошт ручной працы рамесьнікаў. А яе патрабуецца шмат.
«Каб падрыхтавацца, чыталі нават на стараславянскай мове»
Інтэр’ер дзявочай майстэрні сьціплы — справа стол і звычайная складная сушылка. На ёй 20-30 анучак з прылепленай да іх крафтавай паперай: анучы даюць паперы «рысунак», найбольш выразны і прыгожы атрымліваецца на льне. Зьлева — паліцы з гатовай паперай, букет ляванды і розныя засохлыя кветачкі, канвэрты, каляровыя стужкі.
Першы раз паспрабавалі зрабіць паперу год таму на лецішчы. Папярэдне шмат чыталі, нават брашуры на стараславянскай мове. У выніку, дзяўчаты нацягнулі на фатарамку звычайную маскітную сетку і пачалі экспэрыментаваць. Атрымалася абы-што: крывенькі, быццам дзіцячы, выраб. Усю зіму і восень вучыліся па дамох: дзеці, вада, пульпа — уся кухня белая, усё залітае.
За год выпрацаваўся тэхналягічны працэс — у майстэрні абрэзкі паперы перамолваюць у блендэры, атрымліваецца пульпа. Яе дадаюць у таз з вадой, перамешваюць. Настасься бярэ з паліц няхітрую прыладу — масіўны драўляны квадрат і раму з дробнай сеткай. Апускае ў таз, пасьля падымае раму, а пасьля анучу з паперай пакідаюць сохнуць. Беларускае надвор’е, па словах Насты, часта не спрыяе папяроваму бізнэсу: залішне вільготна.
Цяпер дзяўчаты робяць партыі па 100-200 лістоў якаснай прыгожай паперы.
«Хачу ліставацца з паэтам, як у ХІХ стагодзьдзі»
Сярод замоў ад вясельных арганізатараў, кветкавых крам, мастакоў і каліграфаў трапляюцца і незвычайныя запыты.
«Дзяўчына з Бэльгіі напісала нам, — апавядае Наста. — „Хачу ліставацца з нейкім паэтам, як быццам гэта ХІХ стагодзьдзе, і пісаць вось на такой паперы яму вершы ананімныя“. Яна ў нас замовіла паперу і канвэрты, каб тайна перапісвацца».
Яшчэ аднаму фатографу захацелася праяўляць фатаздымкі на паперы з майстэрні. Праўда, вынік Наста пакуль ня ведае.
«Ён прасіў замачыць на тры гадзіны паперу, ці вытрымае яна столькі гадзін у вадзе. Ён нам не дасылаў яшчэ, што там у яго атрымалася. Можа, і нічога. Але ідэі ў людзей бываюць моцныя».
Наста ўпэўненая: цяпер надыходзіць час маленькіх мануфактур, калі нікога больш не цікавіць мас-маркет і ўсе шукаюць індывідуальнае; калі прафэсійна займаесься вузкімі тэмамі і людзі гэта цэняць; калі моладзь мае ўнутраную патрэбу не спажываць лішняе і клапаціцца аб прыродзе.
«Вельмі прыгожы ў вас акаўнт, але было б яшчэ цікава і прыемна разумець, што вы там пішаце»
Замовы майстэрня прымае ў Instagram, які вядзе па-беларуску. Пакуль што атрымалі толькі адзін негатыўны камэнтар.
«Напісаў нам нейкі чалавек: „Вельмі клёвы ў вас, прыгожы акаўнт, але было б яшчэ цікава і прыемна разумець, што вы там пішаце“. Па-расейску напісаў. Але ў Instagram ёсьць такая ўнізе функцыя, пераклад называецца, — сьмяецца Наста. — І мы адказалі, што пакуль ня маем пляну дубляваць тэксты, таму што ёсьць такая вось функцыя. Чалавек на нас пакрыўдзіўся, адпісаўся і сказаў: „Усё з вамі зразумела“. Ён быў зь Беларусі. Прычым у нас вельмі шмат падпісчыкаў з Расеі — і ніхто ніколі нічога не пісаў, вось толькі такое адно сутыкненьне».
У майстэрні шмат замоў з замежжа: шлюць паперу ў ЗША, Бэльгію, Украіну, Нямеччыну, Турцыю. На карысьць працуе і назва «пульпа» гучыць падобна амаль ува ўсіх мовах.
Наста адзначае: вельмі клясна рабіць нешта сваімі рукамі, нягледзячы на бясконцыя лужыны вады і часам фізычную стому.
«Ад працы баліць сьпіна, папраўдзе, калі доўга стаіш і перакладаеш паперу. Калі фарбую, хаджу зь сінімі рукамі па локаць. Але вельмі клясна, калі адклейваеш паперку і бачыш, што на ёй атрымаліся валошкі. І ў гэтым свая дадатковая вартасьць працы. Калі ты бярэш гэты стосік паперы і разумееш, што ты яе проста са сьмецьця зрабіў, — але прыгажосьць!»