У двух частках чарнобыльскай зоны трываюць пажары — з 11 верасьня на тэрыторыі паблізу сяла Новыя Сакалы Іванкаўскага раёну Кіеўскай вобласьці, і з 12 верасьня, паводле беларускага МНС — каля вёскі Ломыш Гомельскай вобласьці. На абодвух пажарах, каб іх лякалізаваць, пажарныя выкарыстоўваюць авіяцыйную тэхніку.
Між гэтымі населенымі пунктамі Беларусі і Ўкраіны адлегласьць 212 кілямэтраў.
Пажары і маштабы розныя
Гомельскае абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі паведаміла аб пажары на тэрыторыі 50 гектараў. І толькі празь дзень пасьля яго пачатку, калі пажар ужо нібыта ўдалося лякалізаваць. Напярэдадні ў сацыяльных сетках распаўсюджвалася інфармацыя аб павелічэньні радыяцыйнага фону.
Ва Ўкраіне гарэлі 14 гектараў. І толькі на трэці дзень украінскім пажарным удалося зьбіць агонь на вышыні лесу і атачыць крыніцы ўзгараньня. Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня фіксавала пэўныя ваганьні ў радыяцыйным фоне, але гэтыя паказчыкі не дасягалі крытычных узроўняў, пры якіх можна было б сьцьвярджаць аб небясьпецы. Улічваючы маштаб пажару, агенцтва не рэкамэндавала ўводзіць дадатковыя захады радыяцыйнай бясьпекі як для мясцовых жыхароў, гэтак і для пэрсаналу, які ўдзельнічае ў тушэньні пажару. Што праўда апошніх абавязалі выкарыстоўваць сродкі абароны дыханьня.
Падпал ці выпадковасьць?
У Беларусі ў сувязі з пажарам каля Ломышу ратавальнікі заклікалі наведнікаў лясоў прытрымлівацца правілаў пажарнай бясьпекі — у ветранае надвор’е агонь імгненна распаўсюджваецца на вялікія плошчы. І нагадалі, што ў паўднёвых абласьцях краіны ўведзеная забарона на наведваньне лесу. Але дакладную прычыну ўзгараньня ў чарнобыльскай зоне пакуль не называюць.
Пажар на ўкраінскай частцы чарнобыльскай зоны пачаўся з гарэньня травы. Як высьветлілася пазьней, траву наўмысна падпаліла мясцовая жыхарка — такім чынам яна хацела адпомсьціць сваім працадаўцам, якія нібыта не выплачвалі ёй заробак. Цяпер жанчына затрыманая і дае паказаньні — ёй пагражае абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.
Радыяцыйны маніторынг
І ў Беларусі, і ва Ўкраіне створаная аўтаматызаваная сыстэма маніторынгу радыяцыі.
У нацыянальных цэнтрах аднолькава зафіксавана невялікае павелічэньне гама-выпраменьваньня ў раёнах пажараў. Але агульная радыяцыйная сытуацыя адпавядае шматгадовым значэньням, што ўсталяваліся ў час назіраньняў.
Украінская мапа радыяцыйнага забруджваньня.
Паведамленьне аб сытуацыі ў Беларусі
У выпадку пажараў у зоне адчужэньня кантроль за радыяцыяй звычайна ўзмацняецца.
«Калі б на тэрыторыі Беларусі ў раёне пажару істотна павялічыўся фон, то на нашай тэрыторыі гэта таксама фіксавалася б. Але пакуль небясьпечнага перавышэньня няма», — паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня.