Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Халера, мы адбяром вашыя вінтоўкі». Пра што казалі апанэнты Трампа на дэбатах


Джо Байдэн і Элізабэт Уорэн
Джо Байдэн і Элізабэт Уорэн

Прэтэндэнты на прэзыдэнцкую намінацыю ад Дэмакратычнай партыі раскрытыкавалі палітыку Дональда Трампа ў дачыненьні Кітая, заявіўшы, што прапанаваныя ім мыты на шырокае кола кітайскіх тавараў прычыняць шкоду амэрыканскім спажыўцам.

Кандыдаты таксама паабяцалі пакласьці канец амэрыканскім ваенным кампаніям за мяжой, адзначыўшы нэгатыўныя наступствы «бясконцых войнаў».

Вядучыя 10 кандыдатаў выказалі свае думкі ў ходзе трохгадзінных дэбатаў, якія прайшлі ў чацьвер вечарам у Х’юстане, штат Тэхас.

«Ясна, што ў прэзыдэнта адсутнічае стратэгія», — адзначыў мэр горада Саўт-бэнд ў Індыяне Піт Бутыджэдж, кажучы пра сытуацыю з Кітаем.

Ён заявіў, што ў выпадку выбраньня выпрацуе стратэгію, якая будзе ўключаць мыты ў якасьці рычага ціску, але не будзе заснаваная выключна на іх.

«Цяпер прэзыдэнт зьвёў усю кітайскую праблему да мыта, хоць нам вядома, што мыты больш за ўсё бʼюць па нас саміх, а больш маштабная стратэгія адсутнічае», — сказаў Бутыджэдж.

Сэнатар ад штату Мінэсота Эмі Клобушар сказала, што анансаваныя мыты ўжо абышліся амерыканцам у 300 тысяч працоўных месцаў.

«Па ўсім Сярэднім Захадзе, у тым ліку ў маім штаце Мінэсота і ў Аёве, залежваюцца непрададзеныя соевыя бабы», — сказала яна.

Былы мэр тэхаскага гораду Сан-Антоніё Хуліян Кастра адзначыў, што праз мыта амэрыканскія семʼі страцяць у сярэднім па 600 даляраў.

«Усяго некалькі дзён назад 60 адсоткаў амэрыканцаў выказалі думку, што налета нас чакае рэцэсія, — папярэдзіў Кастра. — Так што, калі я стану прэзыдэнтам, я адразу таксама буду весьці перамовы з Кітаем, каб дээскаляваць гэтую гандлёвую вайну».

На думку сэнатара ад штату Каліфорнія Камалы Гарыс, ЗША трэба супрацоўнічаць з Кітаем у барацьбе са зьменамі клімату і ў паўночнакарэйскім пытаньні.

Калі гаворка пайшла пра Аўганістан, сэнатар ад штата Масачусэтс Элізабэт Уорэн сказала, што неабходна вярнуць дадому амэрыканскіх вайскоўцаў з краіны, дзе яны вядуць апэрацыі ўжо 18 гадоў.

«Мы ня можам і далей прасіць нашых вайскоўцаў вырашаць праблемы, якія ня вырашыш ваенным шляхам, — падкрэсьліла Ўорэн. — З дапамогай бомбаў мы ня знойдзем рашэньні ў Аўганістане».

«Трэба пакласьці канец бясконцай вайне», — падтрымаў яе пазыцыю Бутыджэдж.

Былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, які лічыцца фаварытам гонкі, выказаў думку, што Аўганістан «не атрымаецца абʼяднаць, гэта тры розныя краіны», і сказаў, што ў выпадку выбраньня мае намер вярнуць амэрыканскіх вайскоўцаў на радзіму.

Ён таксама выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што ў 2003 годзе падтрымаў рэзалюцыю аб увядзеньні войскаў у Ірак дзеля зьнішчэньня запасаў зброі масавага паражэньня, якога ў краіне так і не знайшлі.

Адну з самых запамінальных фраз за вечар сказаў былы кангрэсмэн ад штату Тэхас Бэта ОʼРурк.

Адказваючы на пытаньне пра сваю пазыцыю з нагоды штурмавой зброі і права на яе нашэньне, ён безапэляцыйна заявіў: «Так, халера, мы адбяром у вас вашыя вінтоўкі AR-15, вашыя аўтаматы Калашнікава і больш не дазволім вам прымяняць іх супраць суграмадзян».

У папярэдніх дэбатах, якія праводзіліся ў чэрвені і ў ліпені, удзельнічалі адразу 20 кандыдатаў. Аднак цяпер партыя зрабіла больш жорсткімі крытэрыі, што дазволіла скараціць колькасьць удзельнікаў і дазволіць лідэрам гонкі зьвярнуць увагу выбарнікаў на свае праграмы.

У дэбатах узялі ўдзел дзесяць кандыдатаў, якія лічацца лідэрамі гонкі: акрамя Байдэна і Ўорэн, гэта Бэрні Сандэрс, Камала Гарыс, Коры Букер, Піт Бутыджэдж, Хуліян Кастра, Эмі Клобушар, Эндру Янг і Бэта ОʼРурк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG