Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў сёньня ў Твітары, што адправіў у адстаўку дарадцу ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джона Болтана. У жніўні Болтан наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнка.
Трамп напісаў, што ўчора ўвечары паведаміў Болтану, што ў Белым доме ягоныя паслугі больш не патрэбныя. Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ня згодны з многімі ягонымі прапановамі, як і іншыя ў Адміністрацыі. Паводле Трампа, сёньня ранкам Джон Болтан падаў у адстаўку.
Новага дарадцу ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі прэзыдэнт ЗША абяцае назваць на наступным тыдні.
Тым часам сам Джон Болтан заявіў у аўторак, што ў гутарцы з Дональдам Трампам сам прапанаваў падаць у адстаўку.
«Я прапанаваў сысьці ў адстаўку ўчора ўвечары, і прэзыдэнт Трамп сказаў: «Давай пагаворым пра гэта заўтра», — напісаў Болтан у Twitter.
Сустрэча дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам працягвалася 2,5 гадзіны — больш як удвая даўжэй, чым было заплянавана. Пасьля сустрэчы амэрыканскі ўрадовец адказаў на некалькі пытаньняў журналістаў.
Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэньняў».
Па ягоных словах, размова праходзіла «на шырокія тэмы — палітыкі, эканомікі, па пытаньнях бясьпекі, як у рэгіёне, так і ва ўсім сьвеце».
«Існуюць істотныя складанасьці ў двухбаковых адносінах паміж Беларусьсю і ЗША, у тым ліку ў пытаньнях правоў чалавека, нераспаўсюджваньня зброі, якія трэба абмеркаваць. Другая тэма — гэта новая геапалітычная рэальнасьць у рэгіёне, зь якой мы мусім лічыцца, працаваць разам, — сказаў Болтан. — Вельмі рады, што ў нас была такая магчымасьць для размовы. Мы пакуль ня вырашылі гэтыя пытаньні, але без такіх размоваў іх вырашэньне немагчымае».
Адказваючы на пытаньне пра пагрозы для незалежнасьці Беларусі ў сьвятле інтэграцыі з Расеяй, Болтан заявіў, што самае галоўнае — «чаго хочуць людзі Беларусі»: «Я думаю, што яны ўсё яшчэ хочуць незалежнасьці».