13 жніўня споўнілася 106 гадоў з дня нараджэньня легендарнага беларускага кампазытара Анатоля Багатырова, які ратаваў ад рэпрэсій беларускіх кампазытараў.
Аўтар опэры «У пушчах Палесься» (1939), за якую яму далі Сталінскую прэмію другой ступені (1941), неаднойчы ратаваў сваіх калегаў ад рэпрэсій.
Любіў паэзію Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Ніла Гілевіча, на чые вершы прыдумаў сваю найлепшую музыку.
1. Прозьвішча ў яго радні па бацькавай лініі было Багацькі. Багатыровымі сталі дзякуючы царскаму ўрадніку
«Мы былі Багацькі. /.../ Два дзедавы браты сталі Георгіеўскімі кавалерамі за Шыпку і Гілеўна. Вярнуліся ў вёску героямі. Хлопцы — да ўрадніка атрымліваць дакумэнты. Той выслухаў герояў вайны дый кажа: „Вы ж багатыры!..“ А як выпісвалі дакумэнты, да слова „багатыр“ дадалі канчатак „оў“. Вось і перайначыў ураднік Багацькаў у Багатыровых. Начальства ўсё можа...» (Уладзімер Ліпскі. «Анатоль Багатыроў: „Нікому не рабіў зла...“» // «Голас Радзімы». 29.04-6.05.1999 № № 17-18).
2. Зьдзівіў Янку Купалу сваімі варыяцыямі на беларускія народныя песьні
«Гэта было ў 1934 годзе, калі я яшчэ быў студэнтам кансэрваторыі. У той час мне часта даводзілася выступаць на канцэртах у якасьці піяніста. Аднойчы такі канцэрт адбыўся ў Доме пісьменьніка. Я выконваў напісаныя мной варыяцыі для фартэпіяна на беларускую народную тэму. У перапынку да мяне падышоў Янка Купала:
— Скажыце, як гэта можна на простую песьню зрабіць такія розныя, складаныя варыяцыі?
Ён быў вельмі зацікаўлены і зьдзіўлены....Запрасіў мяне да сябе дадому. Калі я прыйшоў, ён даў мне свае вершы „Сонцу“ і „Плача восень“, зь якіх атрымаліся рамансы» (Анатоль Багатыроў. «Ён быў незвычайны». // «Полымя», № 6, 1982).
3. Не пабаяўся выступіць у канцы 30-х супраць засланага з Масквы новага кіраўніка Беларускага опэрнага тэатра Фёдара Ярыкава
«Прызначаны год таму назад дырэктарам і мастацкім кіраўніком Ф.А. Ярыкаў нясе галоўную адказнасьць за год дэзарганізаванай, бясплоднай работы тэатра. /.../ Ярыкаў абкружыў сябе групкай падхалімаў, сумесна з якой пачаў весьці агідную палітыку шэльмаваньня сумленных, але няўгодных яму работнікаў. Так былі ашэльмаваны і выгнаны з тэатра галоўны дырыжор Акулаў, галоўны рэжысёр Смоліч /.../ Кампазытар Багатыроў... быў абвешчан Ярыкавым членам „варожай групіроўкі“, абвінавачан ім у цяжкім грэху — ён, Багатыроў, хадзіў да Акулава на кватэру... На апошнім сходзе работнікаў тэатра, які доўжыўся чатыры дні, сярод шматлікіх абураючых фактаў дзейнасьці Ярыкава былі ўскрыты і такія: ён выклікаў у габінэт людзей (Бялова, Матусевіча) і прапанаваў ім падбіраць кампрамэтуючы матэрыял на тых, хто крытыкаваў работу гэтага гора-кіраўніка» (А. Багатыроў, М. Коршнэр, Е. Цікоцкі. «Аб опэрным тэатры». // «Літаратура і мастацтва» № 41, 27 ліпеня 1938).
Неўзабаве Ярыкаў быў адпраўлены працаваць дырэктарам у Магаданскі музычны і драматычны тэатар (1941–1944 гг.), творчы калектыў якога амаль цалкам складаўся са зьняволеных.
4. Пасьля трыюмфальнай прэм’еры ягонай опэры «У пушчах Палесься» быў адпраўлены на савецка-фінскую вайну
Хутчэй за ўсё, Багатырову «адпомсьцілі» за ягоны дзёрзкі выступ супраць Ярыкава. Па словах кампазытара: «... Я ўдзельнічаў у савецка-фінскай вайне ў складзе славутай сотай дывізіі. На фінскі фронт трапіў, нягледзячы на моцную блізарукасьць, праз памылку лекараў... » (А. Богатырёв. «До сих пор получаю поздравления из своей дивизии..». // «Вечерний Минск» № 158, 31 июля 2002).
5. Дзед Талаш дапамагаў сцэнаграфічнаму аздабленьню опэры «У пушчах Палесься»
«Народны паэт [Якуб Колас. — В. Дэ Эм]... на генэральную [рэпэтыцыю] прывёз дзеда Талаша. Талаш, памятаю, вельмі дзівіўся, ня мог зразумець, чаму людзі ўвесь час сьпяваюць і нічога не гавораць. А Колас шапнуў яму на вуха: „Гэта ж ты, Талаш!“ Мастак Сяргей Нікалаеў ніяк ня мог вырашыць афармленьне трэцяй карціны опэры, і тады ён зьвярнуўся да дзеда Талаша. А той сказаў: „Там у нас вялікае дрэва ляжала...“ І тады Нікалаеў /.../ праз усю сцэну паклаў „вялікае дрэва“, як яму параіў дзед Талаш. Нікалаеў, дарэчы, быў выдатны тэатральны мастак, вучань Канстанціна Каровіна» (Анатоль Багатыроў".Эстафэта ў будучыню«. // «Мастацтва» № 1, 1983).
6. Любіў успамінаць пра свае сустрэчы са Сталіным
"Багатыроў /.../ любіў успамінаць пра свае сустрэчы з «Правадыром ўсіх народаў таварышам Сталіным (дзевяць разоў Сталін выклікаў яго да сябе — у ложу Вялікага тэатра або на прыёмы ў Крэмль). Вельмі сьмешна капіяваў яго манеру гаварыць («Багатыроў піша „правільную“ музыку, а Шастаковіч піша „няправільную“)» (Белькевич С.О. «А.В. Богатырев: штрихи к портрету». // «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» № 20, 2012).
7. Яго выкананьне музыкі Рыхарда Вагнэра расчуліла палонных нямецкіх жаўнераў
«Адным зь яго ўлюбёных кампазытараў быў Рыхард Вагнэр. Аднойчы — гэта было ў першыя пасьляваенныя гады — Анатоль Васілевіч музыцыраваў за сваім хатнім раялем, іграючы сцэны з вагнэраўскага „Лаэнгрына“. А жыў ён тады ў двухпавярховым будынку на Берсана, насупраць Чырвонага касьцёла. Гукі музыкі праз расчыненае акно даносіліся на вуліцу. Захоплены музыкай, ён ня мог бачыць неверагоднай сцэны, якая разыгралася пад яго вокнамі. Аказваецца, у гэты момант міма праходзіла калёна ваеннапалонных немцаў, якія, пачуўшы музыку свайго славутага суайчыньніка, укленчылі, папрасіўшы канвой спыніцца, і з замілаваньнем слухалі чароўныя гукі, якія лашчылі ім слых...» (Вольга Брылон. «Адышоўшая легенда». // «Народная воля» № 181, 23 верасьня, 2003).
8. Ратаваў ад рэпрэсій беларускіх кампазытараў, але адначасова і папікаў іх, што яны «мала вывучаюць савецкую рэчаіснасьць»
«Тады ў мяне былі добрыя адносіны з Цанавам — сустракаўся зь ім некалькі разоў за абедам... Калі я быў старшынём Саюзу кампазытараў, „чарга дайшла“ да нашага калегі Мікалая Равенскага, якога таксама хацелі рэпрэсаваць. Я пайшоў да Цанавы і заявіў, што гэты чалавек не зрабіў нічога дрэннага, і Ровенскага адпусьцілі. Такіх „кандыдатаў“ было пяць ці шэсьць. Але тады больш арыштоўвалі не кампазытараў, а пісьменьнікаў» (А. Богатырёв. «До сих пор получаю поздравления из своей дивизии..». // «Вечерний Минск» № 158, 31 июля 2002).
«Мяне выклікаў да сябе ў Мінску наркам унутраных спраў Наседкін — папярэднік Цанавы. І прапанаваў падпісаць санкцыю на арышт каля дзясятка беларускіх кампазытараў. Такі быў закон: чальца любога творчага саюзу маглі арыштаваць, калі падпісваўся яго кіраўнік. Дык вось, Наседкін спытаў, ці ёсьць у гэтым спісе ворагі народу. „За што ж іх арыштоўваць?“ — запярэчыў я. Ён адказаў, што Цікоцкі быў дзянікінскі палкоўнік, Аладаў — стары рускі дваранін, а Туранкоў і Чуркін, кажуць, калісьці спявалі ў царкоўным хоры ў царскай стаўцы ў Магілёў. Я сказаў, што ўсё гэта няпраўда. Тады Наседкін прыгразіў: „Падпісвайце, а то пашкадуеце...“ Але я адмовіўся. І нікога з маіх калег не арыштавалі...» (Констанин Столярчук. «Музыкальный богатырь». // «Вечерний Минск» № 154, 13 августа 1998).
«Нашы кампазытары мала вывучаюць совецкую рэчаіснасьць... Гэтай /.../ якасьцю не валодаюць і многія беларускія кампазытары, творчасьць якіх да гэтага часу яшчэ знаходзіцца ў пачатковай стадыі перабудовы. Асобныя беларускія кампазытары яшчэ слаба разумеюць неабходнасьць павышаць узровень свайго майстэрства. ...Яны не напісалі твораў усесаюзнага значэньня. /.../ Ёсьць яшчэ і асобныя праявы фармалізму, прыкладам чаго зьяўляюцца асобныя творы М. Аладава» (А. Багатыроў. «Памнажаць і ўзбагачаць творы беларускай музыкі». // «Літаратура і мастацтва» № 6, 10 лютага 1951).
9. Кожную нядзелю лятаў у Ленінград, каб згуляць у покер з Шастаковічам
«... Натальля Сяргееўна [жонка Багатырова. — В. Дэ Эм] умела быць паблажлівай да маленькіх слабасьцяў /.../ адзін час я падахвоціўся ледзь ня кожную нядзелю лятаць у Ленінград, дзе зьбіралася кампанія заядлых аматараў покеру — Шастаковіч, Салярцінскі, Мравінскі, Багданаў-Беразоўскі. Жонка ніколі мяне не папракала» (Ольга Савицкая. «Анатолий Богатырев: „Мои планы — написать новую оперу и увидеть, как начнется ХХІ век“». «Народная газета» № 174, 4-6 верасня, 1993).
10. І ў сталінскія часы, і ў хрушчоўскую «адлігу» крытыкаваў беларускія музычныя вучэльні за прафэсійную непрыдатнасьць
«У Беларусі адчуваецца востры недахоп музыказнаўцаў і кампазытараў. /.../ Нязначны прыток сьвежых творчых сіл і ў Саюзе кампазытараў. А ў абласных цэнтрах зусім няма кампазытараў. /.../ Чаму кансэрваторыя так мала рыхтуе іх? Таму, што нашы музычныя вучылішчы, з якіх мы набіраем кантынгент навучэнцаў, слаба рыхтуюць сваіх вучняў. /.../ Музычныя вучылішчы не ўкамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі /.../ У некаторых вучылішчах музычна-тэарэтычныя дысцыпліны вядуць выкладчыкі без спэцыяльнай адукацыі. Напрыклад, у Маладзечанскім вучылішчы большасьць пэдагогаў-тэарэтыкаў ня мае спэцыяльнай адукацыі. У Гомельскім музычным вучылішчы ў мінулым навучальным годзе тэарэтычныя дысцыпліны вялі спэцыялісты па духавых інструмэнтах (?)» (А. Багатыроў, Г. Глушчанка. «Ці толькі кансэрваторыя вінавата?» // «Літаратура і мастацтва» № 59, 28 ліпеня 1961).
«Нягледзячы на вялікі рост у пасьляваенны час музычных навучальных устаноў, іх цяперашняя дзейнасьць не адпавядае высокім задачам музычнай асьветы. /.../ У кансэрваторыі не выкладаюцца такія важныя дысцыпліны, як эстэтыка, пэдагогіка, псыхалёгія і рад іншых». (А. Багатыроў. «Неадкладнае пытаньне». // «Літаратура і мастацтва» № 3, 20 студзеня 1951).
11. Не назаляў сваім вучням уласнымі творамі
«Вельмі часта Анатоль Васілевіч іграў клясычныя музычныя творы. І вельмі важна, што ён ніколі не вучыў на тых творах, якія напісаў сам. Не паказваў, як ён працаваў над сваімі опусамі, як яны зроблены. Ён пра іх наогул не гаварыў. Ня ведаю — ці ад сьціпласьці, ці зь якой іншай прычыны. Аднойчы я пачуў па радыё фрагмэнт Другой сымфоніі Багатырова. Музыка мне вельмі спадабалася. Калі прыйшоў да яго ў госьці, запытаўся: „Анатоль Васілевіч, ці ёсьць у вас запіс Другой сымфоніі?“ У адказ: „Недзе ёсьць“. Я папрасіў: „Знайдзіце, калі ласка...“ Ён так і не знайшоў. Паблізу ў яго захоўваліся запісы Бэтховэна, Вагнэра, Моцарта, Брамса, і ён ведаў, дзе менавіта яны стаяць. А дзе запіс уласнай сымфоніі — ня ведаў» (Алег Хадоска. «Для мяне ён дагэтуль — загадка..». // «Літаратура і мастацтва». 1 жніўня 2003 г., № 31).
12. У часы сацыялістычнага рэалізму крытыкаваў беларускія опэры за іх прымітыўную плякатнасьць
«На жаль, многія беларускія кампазытары маюць цьмянае ўяўленьне пра герояў сваіх твораў. Пры сустрэчы зь імі ў опэры яны хаваюць сваё няведаньне і няўменьне вызначыць рысы характару герояў за старымі, звыклымі прыёмамі малюнку нейкага абстрактнага опэрнага героя. /.../ Адарванасьць ад жывога слова /.../ зрабіла няўдалым і бясколерным музычную мову Кастуся Каліноўскага — героя опэры Д. Лукаса [гэтым спэкталем быў адкрыты першы пасьляваенны сэзон Беларускага опэрнага тэатра ў 1947 г. — В. Дэ Эм]. Кампазытар спрабуе ставіць свайго героя ў становішча кіраўніка мас, але ў зносінах з народам Кастусь Каліноўскі выглядае толькі сумным рэзанэрам. Слабасьць і інтанацыйная беспадстаўнасьць музыкі опэры „Кастусь Каліноўскі“ сьведчыць пра няўвагу кампазытара да законаў опэрнай драматургіі і беларускага народна-песеннага матэрыялу» (А. Богатырев. «О белорусской музыке». // «Советская Белоруссия» № 5, 6 января 1952).
13. Нагадваў Пʼера Бязухава і захапляў сваёй плястычнасьцю
«Я памятаю Анатоля Васілевіча з 1948 году. Тады яму было 35 гадоў. Ён уражваў сваёй энэргіяй», імклівасьцю рухаў. Быў падобны да Пʼера Бязухава, калі ішоў па вуліцы ў доўгім расхінутым цёмна-сінім плашчы, з закладзенымі за сьпіну рукамі, глядзеў угору і бесьперапынна варушыў вуснамі..«. «А.В. Багатыроў /.../ выдатна валодаў сваім целам, лёгка танцаваў. Варта было паглядзець на яго, як ён у пары з Л. П. Аляксандраўскай на яе юбілеі прайшоўся ў паланэзе!» (Белькевич С.О. «А.В. Богатырев: штрихи к портрету». // «Весці Беларускай дзяжаўнай акадэміі музыкі» № 20, 2012).
14. У Бэрліне яго раздражнялі кампазытар Бэнджамін Брытэн і клясык авангарднай музыкі Штокгаўзэн
«...Опэра „Сон у летнюю ноч“ (па Шэксьпіру) сучаснага англійскага кампазытара Бэнджаміна Брытэна выклікала незадавальненьне. У ёй пераважае ў асноўным ілюстрацыйная музыка, адсутнічае канкрэтны мэлядычны матэрыял, безь якога опэрны твор ня можа наогул існаваць. /.../ Творы Штокгаўзэна адшурхоўваюць адсутнасьцю ў іх усякай мэлёдыі і яснай гармоніі. Штокгаўзэн — адзін зь лідэраў заходне-эўрапэйскага дадэкафанізму, дзе сама музыка зьнікае і застаецца адзін сумбур» (А. Багатыроў. «На музычным фэстывалі ў Бэрліне». // «Літаратура і мастацтва» № 96, 5 сьнежня 1961).
15. Ад савецкай рэчаіснасьці ратаваўся кнігамі Рэмарка
«У апошні час зьявіўся новы тэрмін — „рэмаркізм“. Азначае ён сацыяльную беспэрспэктыўнасьць, адзіноцтва, закінутасьць — рысы, уласьцівыя творчасьці таленавітага песьняра „страчанага пакаленьня“ Рэмарка. Тым ня менш Рэмарк — адзін з найбольш любімых у нас пісьменьнікаў Захаду. Прычына — насычанасьць і багацьце ўнутранага сьвету жыцьця яго герояў, глыбіня і тонкасьць разважаньняў пра жыцьцё, амаль заўсёды вельмі ляканічных, надзвычай прывабных для чытачоў. Часта гэтыя разважаньні аднабаковыя і не адпавядаюць нашаму сьветаадчуваньню, але вабіць сама манэра мысьленьня рэмаркаўскіх герояў, іх успрыняцьцё рэчаіснасьці. Герой Рэмарка /.../ адзінокі, ён ні на хвіліну ня можа забыць пра сябе. Гэтая індывідуальнасьць ня можа пераадолець сябе, але яна яркая. І чым яна ярчэйшая ў такіх герояў, тым больш яны адзінокія» (А. Багатыроў. «Сэрца мільёнаў падслухаць біцьцё». // «Літаратура і мастацтва» № 29, 11 красавіка 1961).
16. Радаваўся развалу СССР і разам з тым быў прыхільнікам манархіі
«Единственное, что помню о Союзе: в магазинах ничего не было, люди часами стояли в очередях и жили впроголодь. Как можно страдать по „железному занавесу“, нищенской жизни, разрушению храмов? Я считаю, если что и вернет нам духовную общность, так монархия»
(Мария Куновская. Анатолий Богатырев: «Мне везло со знакомствами...» // «Аргументы и факты» № 2, январь 2001).
17. Лічыў Леніна і Сталіна псыхічна хворымі
«Сталін быў хворы чалавек, варʼят. Падумаць толькі: мільёны чалавек — ворагі народу. Але ён быў і добрым вучнем Леніна: і той атрымліваў асалоду ад падобнага, — і, удаючы цяпер ужо картавую манэру „правадыра рэвалюцыі“, майстра зноўку дэклямуе: — Иосиф Виссарионавич, вы уже три дня в Екатеринбурге и ни одного человека еще не расстреляли...» (Андрэй Гуцаў. «Усьмешка майстра». // «Культура», № 9, 2 сакавіка 1994).
18. Яго любімы гістарычны пэрсанаж — Жанна дʼАрк
«Ён памятаў усе даты і імёны. Памятаў нават колер вачэй сваёй улюбёнай гераіні Жанны дʼАрк. Калі ён расказваў пра яе, у яго ў вачах стаялі сьлёзы. Мог апісаць ва ўсіх падрабязнасьцях уезд у Рым на калясьніцы прынцэсы Бэранікі, як у яе разьвяваліся валасы і блішчалі вочы. Здавалася, што ён сам прысутнічаў пры гэтым» (Белькевич С.О. «А.В. Богатырев: штрихи к портрету». // «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» № 20, 2012).
19. Засмучаўся, што беларускія кампазытары не выкарыстоўваюць усе творчыя магчымасьці хору Рыгора Шырмы
«Слухаючы беларускі хор, мімаволі прыходзіш да думкі, што мастацка-тэхнічныя магчымасьці гэтага калектыву недаацэньваюцца беларускімі кампазытарамі. Так, напрыклад, вельмі мала скарыстоўваюцца ў творчасьці поліфанічныя прыёмы. Між тым, у беларускіх народных песьнях мы сустракаем прыклады цудоўнага, шматгалоснага сьпяваньня. Зусім незразумела, чаму большасьць беларускіх кампазытараў, як правіла, абядняюць харавую фактуру, надзвычай абмежавана скарыстоўваюць багатыя магчымасьці хору...» (А. Багатыроў. «Жаданы госьць». // «Літаратура і мастацтва» № 14, 7 красавіка 1951).
20. Марыў напісаць опэру паводле рамана «Людзі на балоце», у якой хацеў паказаць трагічны лёс сваёй радні
«Я хацеў бы напісаць опэру паводле раманаў І. Мележа пра калектывізацыю. Але пакуль што /.../ няма лібрэтыста. Я б, канешне, па-свойму ўгледзеўся ў гэты твор. Я б узмацніў трагедыю. І опэру я хацеў бы назваць «Ганна» (Андрэй Гуцаў. «Усьмешка майстра». // «Культура», № 9 2 сакавіка 1994).
«Шмат гадоў я мару напісаць опэру паводле рамана Івана Мележа „Людзі на балоце“. Опэра пра /.../ страшнае злачынства, учыненае супраць сялянства. Да гэтай тэмы ў мяне асаблівыя адносіны /.../ У гады калектывізацыі раскулачылі і выслалі шасьцёра братоў майго дзеда. З тых часоў нічога пра іх невядома. Тая ж доля спасьцігла і бабуліных сваякоў» (Ольга Савицкая. «Анатолий Богатырев: „Мои планы — написать новую оперу и увидеть, как начнется ХХІ век“». // «Народная газета» № 174, 4-6 верасня, 1993).
(Першая публікаыя 13 жніўня 2018 году)