Палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі ў «Інтэрвію тыдня» тлумачыць, каму патрэбны ўдзел у парлямэнцкай кампаніі, лічыць, што сёлета ўлады будуць больш сур’ёзна ставіцца да таго, хто трапіць у Палату, і заяўляе, што ніводная кампанія байкоту ў Беларусі не была пасьпяховай.
Сьцісла:
- Імітацыйная сыстэма выбараў для кіроўнага рэжыму не такая і важная.
- Палітычныя структуры, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, даўно прыйшлі да кансэнсусу, што трэба ўдзельнічаць у электаральных кампаніях.
- Апазыцыйныя палітыкі ставяць у гэтай кампаніі ня вельмі палітычныя мэты.
- Ніводная кампанія байкоту ў Беларусі не аказалася пасьпяховай.
- Сёлета ўлады будуць больш сур’ёзна ставіцца да таго, хто трапіць у Палату прадстаўнікоў.
Імітацыя дэмакратычнасьці ўладам ужо ня так і патрэбная
— Чаго чакаюць ад гэтай парлямэнцкай кампаніі ўлада і апазыцыя? Ці разьлічвае ўлада, што гэтая кампанія павінна прайсьці «як заўсёды», безь сюрпрызаў — ці, магчыма, ёсьць нейкія адметнасьці, якіх шырокая публіка можа і ня бачыць?
— Думаю, улады хацелі б, каб кампанія прайшла без асаблівых праблемаў і сюрпрызаў. Калі Лукашэнка падпісваў указ аб прызначэньні выбараў, ён сказаў, што цяпер няма неабходнасьці «занадта падскокваць» і нешта паказваць. Маўляў, раней такая неабходнасьць быццам бы была, але цяпер яе няма.
Гэта значыць, што цяпер для ўлады няма асаблівай патрэбы паказваць заходнім партнэрам, што ў Беларусі ёсьць дэмакратычныя працэдуры, выбары адбываюцца — ня вельмі дасканала, вядома. Не магу сказаць, ці ўплывае гэта рэальна на паводзіны выканаўцаў на месцах, але гэта можа быць устаноўкай наконт таго, ці зьявяцца ў Палаце прадстаўнікоў дэпутаты, якіх можна назваць іншадумцамі.
— Некалькі гадоў таму шмат казалі пра зьмены ў выбарчае заканадаўства, якія падрыхтавалі разам з АБСЭ, нават ЦВК абвяшчаў, што гатовы іх уводзіць, але ў выніку ўлады іх проста праігнаравалі. Відаць, сапраўды афіцыйны Менск адчуў, што няма вялікага ціску з боку Захаду наконт увядзеньня гэтых паправак.
— У 2017 годзе, калі былі распрацаваныя папраўкі ў Выбарчы кодэкс, ЦВК зрабіў тое, што ад яго залежыць — аддаў гэтыя папраўкі ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Але там іх паклалі пад сукно, і доўгі час сама Ярмошына ня мела сустрэчы з Лукашэнкам. Сёлета яна нават скардзілася журналістам, што даводзіцца пісаць лісты Аляксандру Лукашэнку. То бок у 2017–2018 годзе была такая паўза ў адносінах паміж Цэнтравыбаркамам і Адміністрацыяй прэзыдэнта, што сьведчыць, напэўна, пра другаснасьць гэтай імітацыйнай сыстэмы выбараў, якая для кіроўнага рэжыму не такая і важная.
— Традыцыйна напярэдадні любой выбарчай кампаніі сярод дэмакратычных актывістаў праходзяць дэбаты на тэмы «ўдзелу-няўдзелу». Але гэтым разам можна зазначыць, што за ўдзел у выбарах у той ці іншай ступені выступаюць фактычна ўсе палітычныя партыі, а супраць — пераважна публіцысты, беспартыйныя актывісты. Пра што гэта сьведчыць?
— Палітычныя структуры, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, даўно прыйшлі да кансэнсусу, што трэба ўдзельнічаць у электаральных кампаніях. Палітычная партыя ня можа ня ўдзельнічаць у электаральных кампаніях. Калі яна ня ўдзельнічае, у яе атрафуюцца мышцы, і ў выніку яна ня зможа працаваць тады, калі гэта будзе запатрабавана. Калі ёсьць хаця б мінімальныя магчымасьці, каб сустракацца зь людзьмі, бясплатна праводзіць вулічныя мерапрыемствы, то палітычныя структуры выказваюць цікавасьць да гэтых інструмэнтаў.
Іншая справа, што ўся палітычная сфэра ў нас вельмі маргіналізаваная. І гэта тычыцца ня толькі апазыцыі, бо нават ляяльныя партыі ня могуць утварыць дэпутацкую групу ў Палаце прадстаўнікоў. Напрыклад, Камуністычная партыя Беларусі, якая падтрымлівае Лукашэнку, мае толькі 8 дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў, а для фракцыі трэба мінімум мець 12 дэпутатаў.
Якраз асобныя людзі могуць хутчэй выступаць з маральнага пункту гледжаньня. У той час як палітычныя структуры вырашаюць задачы, сярод іншага, і свайго самавыжываньня. Могуць выкарыстоўваць выбары, каб займацца інфармацыйнай працай, хоць не магу сказаць, што яны выкарыстоўваюць гэта вельмі эфэктыўна. Разам з тым скласьці лапкі і чакаць, пакуль нешта памяняецца — яны таксама ня могуць.
У ранейшыя гады была даволі папулярнай ідэя байкоту. Але ніводная кампанія байкоту ў Беларусі не аказалася пасьпяховай. Бо дзе мяжа паміж абсэнтэізмам абывацеля, які проста не прыйшоў на выбары, бо быў заняты нечым іншым, — і ягонай палітычнай пазыцыяй? Калі чалавек проста «не заўважыў» выбары, гэта адна сытуацыя, якая вядзе да дэмабілізацыі. А калі байкот — гэта зусім іншае, гэта палітычна сьвядомае дзеяньне. Вось такога дзеяньня ў Беларусі зафіксаваць не ўдалося.
Таму палітычныя структуры выбіраюць хоць невялікія, але магчымасьці працы з грамадзтвам, якія даюць выбары.
— Як можна прааналізаваць матывы ўдзелу розных палітычных сілаў у гэтай кампаніі, чаго яны хочуць дабіцца? Беларускі нацыянальны кангрэс Статкевіча, «Гавары праўду», правацэнтрысты — усе яны адрозьніваюцца ў сваім стаўленьні да гэтай кампаніі.
— Насамрэч яны ставяць ня вельмі палітычныя мэты. Гэта даволі дзіўна для палітычных структураў, але, тым ня менш, яны ня ставяць мэту прадстаўленьня інтарэсаў выбаршчыкаў. Напрыклад, адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі папракае і ўладу, і апазыцыю, што «мы не прадстаўляем інтарэсы выбарнікаў».
Аднак калі палітычныя структуры не прадстаўляюць інтарэсы выбарнікаў — то навошта яны існуюць? Яны павінны артыкуляваць, лабіраваць гэтыя інтарэсы — альбо па ідэалягічнай прыкмеце, альбо інтарэсы прадстаўнікоў пэўнай тэрыторыі. У Беларусі не працуе ні тое, ні тое.
Мне спадабалася, як намесьнік старшыні Беларускай сацыял- дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў нядаўна наўпрост сказаў — мы ідзем у гэтую кампанію, каб паказаць, што мы існуём. Паказаць, што існуе альтэрнатыўная думка. А кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч кажа, што рух ідзе ў кампанію, каб карыстацца бясплатнымі магчымасьцямі вываду людзей на вуліцы.
Гэта даволі другасныя мэты для нармальнай палітычнай кампаніі — але што ёсьць, тое ёсьць.
— Відавочна, што партыі зыходзяць з рэалістычнай ацэнкі сытуацыі. Бо калі б яны заяўлялі, што мы ідзем, каб перамагчы, то гэта выглядала б даволі сьмешна.
— Але, напрыклад, Уладзімер Някляеў ішоў на прэзыдэнцкія выбары зь лёзунгам «Я прыйшоў, каб вы перамаглі». І тут было не зусім зразумела, з чым гэтае «мы» суадносіцца — гэта народ ці хтосьці яшчэ іншы.
Кампанію, у якой не прэтэндуеш на перамогу, вельмі складана весьці. Разам з тым патрэбная нейкая матывацыя для кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць укладаць свой час і рэсурсы — і пры гэтым загадзя ведаць, што яны ня могуць атрымаць мандат, што мандаты будуць разьмяркоўвацца, а не здабывацца ў канкурэнтнай барацьбе.
— Улада не адчувае ціску, неабходнасьці дэмакратызаваць гэтыя выбары. Аднак сярод аналітыкаў актыўна абмяркоўваецца варыянт, што наступны тэрмін Аляксандра Лукашэнкі стане пэрыядам транзыту ўлады. З гэтага пункту гледжаньня — ці можа наступны склад парлямэнту нечакана стаць даволі важным? Ці ягоная вага ў палітычнай сыстэме застанецца непрыкметнай — ён па-ранейшаму будзе штампавальнікам законаў, прапанаваных выканаўчай уладай?
— Філёзаф Пётра Пятроўскі, экспэрт аналітычнага цэнтру «Белай Русі», не казаў наўпрост пра транзыт улады, а казаў пра новыя выклікі, якія будуць стаяць перад дзяржавай. І ён сьцьвярджае, што цяпер больш важная кансалідацыя і адбор тых, хто трапіць у Палату прадстаўнікоў.
Гаворка ідзе пра тое, што сёлета ўлады будуць больш сур’ёзна ставіцца да таго, хто трапіць у Палату. Ня важна, ці будзе транзыт улады, ці проста сытуацыя, калі ўлада ня хоча дадатковых клопатаў ад Палаты.
Выбары — гэта ж ня толькі дзень галасаваньня. Нават месяц агітацыйнай кампаніі не дае магчымасьці людзям з альтэрнатыўнымі поглядамі хутка пераканаць вялікую аўдыторыю стаць іхнімі прыхільнікамі. Так што магчыма, што нават без фальсыфікацыяў праўладныя кандыдатамі маглі б перамагчы на выбарах.
І калі ўлады будуць рабіць гэта без асаблівага цынізму, даваць людзям уявіць, што гэта іхні свабодны выбар — то кампанія можа прайсьці так, як уладам было б зручна.