Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узурпацыі ўлады няма». Дэпутатка «Слугі народу» пра сваё беларускае паходжаньне і Зяленскага


Чацьвёра ўраджэнцаў Беларусі сёлета балятаваліся на выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны. Атрымаць дэпутацкі мандат пашчасьціла толькі настаўніцы Алене Лыс. Яна вылучалася ад прэзыдэнцкай партыі «Слуга народу» і перамагла 19 сваіх канкурэнтаў амаль на ўсіх выбарчых участках аднамандатнай выбарчай акругі ў Чарнаўцах. Свабода паразмаўляла з Аленай Лыс і даведалася, чым яна будзе займацца ва ўкраінскім парлямэнце.

Нарадзілася ў Беларусі, выхоўвалася паводле ўкраінскіх традыцый

Алена Лыс нарадзілася ў 1974 годзе ў вёсцы Брадок Драгічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці ў сямʼі працоўных. Пра Беларусь яна амаль ня памятае, беларускі народ лічыць «ветлівым, добрым і працавітым». З радасьцю перадае вітаньні і зычыць, каб краіна разьвівалася і квітнела. Але сябе ідэнтыфікуе найперш украінкай, а сваю беларускую гісторыю зьмяшчае літаральна ў некалькіх радках.

«Перш за ўсё я грамадзянка Ўкраіны, і, вядома, я ўсім сэрцам украінка. Мае бацькі жылі ў Савецкім Саюзе і маглі свабодна перамяшчацца. Яны зрабілі гэты выбар, калі мне было 2 гады. Менавіта таму з двухгадовага ўзросту я пайшла ва ўкраінскі дзіцячы садок, скончыла ўкраінскую школу, пэдагагічнае вучылішча і далей атрымлівала вышэйшую адукацыю ў горадзе Чарнаўцы. Усё маё жыцьцё і ўся мая сьвядомасьць зьвязаныя з Украінай».


Алена вырасла ў Магілёве-Падольскім Віньніцкай вобласьці. Скончыўшы там школу, паступіла ў пэдагагічнае вучылішча ў Малдове, а з дыплёмам вярнулася ва Ўкраіну — у Чарнаўцы.

Паводле яе, бацькі не прышчэплівалі ёй беларускія традыцыі.

«Мой бацька памёр досыць рана, і я яго амаль ня памятаю. Маці і яе брат жылі ва Ўкраіне і, вядома, падтрымлівалі мясцовыя традыцыі. Наколькі я памятаю сваё дзяцінства, мае бацькі не акцэнтавалі ўвагу на сваім беларускім паходжаньні. Хутчэй гэта была такая агульная сацыялістычная ідэя ў грамадзтве», — кажа Алена.

Апасеньняў наконт беларускага шляху Ўкраіны не падзяляе

Для Алены цяперашняе дэпутацтва — першы палітычны досьвед. Дагэтуль яна працавала настаўніцай пачатковых клясаў у Чарнавецкай гімназіі № 2. Замужам, мае 21-гадовага сына Аляксандра і 14-гадовую дачку Сафію.

Дэпутатка кажа, што ніколі не вывучала палітычны досьвед Беларусі, таму і пазьбягае якіх-кольвек параўнаньняў Украіны з «суседняй дзяржавай». Мяркуе, што Ўкраіна мусіць вывучаць дасягненьні розных краін, якія маюць посьпехі ў тых ці іншых галінах, але «павінна сфармаваць асабістую палітычную волю і пераймаць толькі тое, што найбольш арганічна падыходзіць Украіне».

Алена Лыс таксама перакананая, што кансалідацыя прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім уладных паўнамоцтваў нельга разглядаць у кантэксьце стварэньня аўтарытарнай улады.

«Перш за ўсё, мы прагаласавалі за скасаваньне дэпутацкай недатыкальнасьці, і гэта першы законапраект, які абяцаў сам прэзыдэнт. Што тычыцца прызначэньняў у Кабінэт міністраў і ў праваахоўныя органы, то гэта, у першую чаргу, асабістая адказнасьць прэзыдэнта. Я не ўспрымаю гэта як узурпацыю ўлады. Я бачу гэта як найбольшую ягоную адказнасьць».


Алена таксама пераконвае, што ў выпадку нязгоды з пазыцыяй прэзыдэнта будзе адстойваць сваю думку.

«У нас няма такога паняцьця, як калектыўная адказнасьць. І як дэпутат парлямэнту я нясу асабістую адказнасьць перад народам Украіны, які фактычна і абраў мяне дэпутатам парлямэнту».

Дарэчы, дэпутатка кажа, што яна дагэтуль беспартыйная і ў шэрагі партыі «Слуга народу» не ўступала.

«Я ўвогуле не займалася палітычнай практыкай. Я прафэсійна займалася сваёй справай. Але прыйшоў той момант зьменаў у грамадзтве, які ў большасьці грамадзян узьняў настрой, што нельга быць абыякавым і ўбаку ад гэтых зьменаў. І я была сярод такіх людзей і пачала падтрымліваць гэты рух. Гэта новы досьвед для мяне, але я матываваная і ўмею вучыцца».

Адукацыя — галоўная сфэра дзейнасьці

Нягледзячы на тое, што Алена Лыс балятавалася ў аднамандатнай выбарчай акрузе, сваю кампанію яна будавала на агітацыі за партыю «Слуга народу». Нават большая частка яе выбарчай праграмы прысьвечаная менавіта партыйным абяцаньням:

  • скасаваньне дэпутацкай недатыкальнасьці,
  • узмацненьне адказнасьці за карупцыю,
  • перазагрузка праваахоўных органаў,
  • ліквідацыя непатрэбных дзяржаўных структур,
  • пакрыцьцё тэрыторыі Ўкраіны якасным шырокапалосным інтэрнэтам,
  • стварэньне «дзяржавы ў смартфоне».


Сваімі ўласнымі задачамі яна бачыць стварэньне Нацыянальнага агенцтва па кваліфікацыі пэдагогаў, а таксама павелічэньне заробкаў настаўнікам.

Каб гэта ажыцьцявіць, Алена Лыс запісалася ў склад камітэту ў пытаньнях адукацыі, навукі і інавацый. На першым ягоным пасяджэньні вылучыла сваю кандыдатуру на старшыню падкамітэту, які будзе апекавацца сярэдняй, інклюзіўнай адукацыяй, а таксама адукацыяй на часова акупаваных тэрыторыях. Яна перакананая, што правільная арганізацыя адукацыйнай сыстэмы будзе спрыяць інтэграцыі ва ўкраінскае грамадзтва моладзі, якая пражывае ў непадкантрольных Кіеву раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Гэта тэрыторыі Ўкраіны. І для нас надзвычай важна, каб дзеці ішлі ў школу, потым праходзілі зьнешнюю незалежную ацэнку і паступалі вучыцца ва ўнівэрсытэты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. Мусім прыкласьці ўсе высілкі, каб мы ня страцілі гэтых выпускнікоў, стварылі для іх бясьпечнае асяродзьдзе на нашай тэрыторыі, каб яны маглі атрымаць поўную адукацыю адпаведна канстытуцыйнаму праву».

Паралельна з настаўніцкай дзейнасьцю Алена Лыс актыўна працавала ў мясцовай чарнавецкай грамадзкай арганізацыі «Бацькі — дзецям» і была незалежным распаўсюднікам у сеткавым бізнэсе амэрыканскай касмэталягічнай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG