Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справаю займаўся КДБ». Свабода пагутарыла з бацькам асуджанага за правакацыі міліцыянта


Магілёўская турма № 4. Ілюстрацыйнае фота
Магілёўская турма № 4. Ілюстрацыйнае фота

Былога начальніка раённага аддзелу наркакантролю капітана міліцыі Івана Пацёмкіна з Магілёва асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за правакаваньне грамадзян на супрацьпраўныя дзеяньні.

Пра справу супраць міліцыянта згадаў генэральны пракурор Аляксандар Канюк 28 жніўня.

Генэральны пракурор Канюк: правакаваў для паляпшэньня паказчыкаў

Паводле яго, Іван Пацёмкін «для паляпшэньня паказчыкаў працы правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконны абарот наркатычных і псыхатропных рэчываў, на іх набыцьцё і злоўжываньне дзеля далейшага затрыманьня і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці».

Падрабязнасьці працэсу застаюцца невядомымі. Як высьветліў TUT. BY справу разглядзеў Магілёўскі абласны суд яшчэ ў 2018 годзе. Працэс быў закрытым. Матэрыялы захоўваюцца пад грыфам «Сакрэтна» і зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцаю.

Бацька асуджанага: іншага прысуду не магло быць, бо справаю займалася КДБ

Іван Пацёмкін служыў у Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва. Сам ён са Слаўгарадчыны. Міліцэйскую кар’еру пачынаў у Бабруйску. Там быў опэрупаўнаважаным аддзяленьня па наркакантролю і супрацьдзеяньню гандлю людзі ўпраўленьня ўнутраных спраў гарвыканкаму. Затым перавёўся ў Магілёў.

У адным з аграгарадкоў Слаўгарадзкага раёну жывуць бацькі асуджанага міліцыянта. У вінаватасьць сына яны ня вераць. Настойваюць, што ён ахвяра сыстэмы.

«Гэта праца сыстэмы, — кажа бацька Аляксандар Мікалаевіч. — У ёй хто ня з намі, той заўжды супраць нас».

Суразмоўца лічыць, што сын «ня мог правакаваць людзей на супрацьпраўныя дзеяньні, бо ў яго была апэратыўная праца».

«Гэта няпраўда, — лічыць ён. — У нейкай справе сын не пайшоў на кампраміс з кімсьці, а там было ўвязанае вышэйшае начальства».

Як кажа Аляксандар апратэставаць вырак Магілёўскага абласнога суду ім не ўдалося. Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле.

«Калі сыстэма ўсё гэта зрабіла, то адваротнага ходу яна не дае», — адзначае ён. — Яго і асудзілі, што ніхто ня хоча выступаць супраць сыстэмы«.

На пытаньне пра закрытай працэс адказвае, што іншага чакаць не даводзілася, бо справаю «займалася КДБ».

Жыхарка Слаўгараду: было шмат шуму, казалі «злоўжываў паўнамоцтвамі»

Анжаліка Калатазішвілі
Анжаліка Калатазішвілі

Жыхарка Слаўгарада Анжаліка Калатазішвілі даведалася пра працэс супраць Івана Пацёмкіна 27 верасьня 2018 году, калі пад магілёўскай турмой № 4 праводзіла галадоўку, каб ёй дазволілі сустрэцца з затрыманым мужам. Яго ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары па абвінавачваньні ва ўжываньні і вырабе наркотыкаў. Там жа сядзеў і Іван Пацёмкін.

Анжаліка кажа, што ўбачыла жонку міліцыянта, якая прынесла яму перадачу. Пазьней яна даведалася ад землякоў за што затрыманы Іван Пацёмкін і яму хацелі даць 15 гадоў.

«Тады ў Слаўгарадзе было шмат шуму праз ягонае затрыманьне. Сьледзтва па справе ішло больш за год і яе распачалі праз злоўжываньне міліцыянтам службовымі паўнамоцтвамі», — апавядае Анжаліка.

Бацька асуджанага Александар Мікалаевіч пра стаўленьне людзей да справы ягонага сына кажа: «Гэта ўсё мінулася і больш нікога не цікавіць».

Лідэрка «Матчынага руху 328»: Дзяржава вырашыла абараніцца закрытым працэсам

Ларыса Жыхар
Ларыса Жыхар

Лідэрка «Матчынага руху 328» Ларыса Жыхар лічыць, што працэсы, такія як супраць Івана Пацёмкіна павінны быць адкрытымі. Сваю пазыцыю яна мацуе тым, што справы па абвінавачваньні ў незаконным абароце наркотыкаў праходзяць у адкрытым рэжыме і сьведкамі на іх выступаюць супрацоўнікі наркакантролю.

«На такіх працэсах нашых дзяцей вінавацяць у самых страшных злачынствах, — адзначае Ларыса Жыхар. — Іх выстаўляюць сапраўднымі злачынцамі. На такіх працэсах прэзумпцыя невінаватасьці не працуе і тэрміны даюць завялікія. Ніякія зьмякчальныя абставіны не ўлічваюцца».

Яна дапускае, што працэс супраць Івана Пацёмкіна наўмысна зрабілі закрытым, каб не паказваць мэханізму працы з тымі каго вінавацяць у незаконным абароце наркотыкаў. Суразмоўніца кажа, што ёй даводзіцца нямала чуць гісторыяў, як міліцыянты правакуюць людзей на супрацьпраўныя дзеяньнямі. Паводле яе дзяржавы вырашыла абараніць сябе закрытым працэсам, а грамадзтва не даведалася праўды пра злачынства Пацёмкіна.

«Мы хоць кагосьці знойдзем і прадэманструем, што справядлівасьць перамагла, маўляў, што да супрацоўнікаў міліцыі таксама ўжываюцца захады пакараньня і крымінальны кодэкс адзіны для ўсіх», — выказвае свой погляд на сытуацыю Ірына Жыхар.

Лукашэнка: супрацоўнікаў праваахоўных органаў цікавяць не жыцьцё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі

20 жніўня на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Аляксандар Лукашэнка жорстка выказаўся наконт сьледчых і пракурораў, якія фальсыфікуюць крымінальныя справы. Паводле яго, «колькасьць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сьведчаць аб сур’ёзных недахопах і праліках у працы апэратыўна-вышуковых і сьледчых падразьдзяленьняў, а таксама, на жаль, пракуратуры».

Лукашэнка заявіў, што ў людзей «часам складваецца ўражаньне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў перадусім цікавяць не жыцьцё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфэктыўнасьць іхнай працы», а фальсыфікацыі крымінальных справаў такія, што «лепей бы вы не пачыналі гэтыя крымінальныя справы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG