Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія дарожнікі выйгралі ва Ўкраіне тэндэр на $30 млн, хоць да іхнай працы ёсьць прэтэнзіі


Дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля выйграў тэндэр на будаўніцтва 6 кілямэтраў аб’язной дарогі вакол Роўна. Кошт працы 750 мільёнаў грыўняў (амаль 29,5 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Папярэдні кошт працаў ацэньваўся ў 822,467 мільёнаў грыўняў, але беларуская кампанія змагла прапанаваць найніжэйшы кошт у параўнаньні з канкурэнтамі — азэрбайджанскай кампаніяй EVRASCON і турэцкай ONUR.

Будаўніцтва дарогі павінна завершыцца да 31 сьнежня 2022 году. Пагадненьне аб выкананьні працаў мусіць быць падпісанае найбліжэйшым часам.

Гэты тэндэр будзе найбуйнейшым украінскім падрадам для холдынгу «Белаўтадар», у склад якога ўваходзіць гомельскі дарожна-будаўнічы трэст.

На пачатку жніўня Служба аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці разарвала дамову з дарожна-будаўнічым трэстам № 4 Берасьця аб капітальным рамонце 6-кілямэтровага ўчастку дарогі Усьцілуг — Луцк — Роўна коштам за больш як 10 мільёнаў даляраў (у эквіваленце). Такое рашэньне было ўхваленае па ўзаемнай згодзе і было зьвязанае якраз з намерамі пабудаваць паўночную аб’язную дарогу вакол Роўна.

Два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля — ад 2017 году ўдзельнічаюць ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог. За гэты час яны перамаглі ў некалькіх конкурсаў на рамонт і будаўніцтва аўтадарог у розных рэгіёнах Украіны.

Сёлета ў жніўні стала вядома, што ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Жытомірскай вобласьці адкрыла крымінальную справу аб нібыта раскраданьні дзяржаўных грошай, вылучаных на рамонт і будаўніцтва дарог падраднікам зь Берасьця — дарожна-будаўнічым трэстам № 4.

Расьсьледаваньне было ініцыянавана Дзяржаўнай фіскальнай службай Украіны, якая абвінаваціла беларускую кампанію ў завышэньні коштаў на будаўнічыя матэрыялы, што, у сваю чаргу, прывяло да павелічэньня падатку на даданую вартасьць, сплачанага за кошт дзяржаўнага бюджэту.

У матэрыялах гэтай крымінальнай справы сьцьвярджалася, што будаўнічыя матэрыялы па завышаных цэнах пастаўляў Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст № 2. На мінулым тыдні да расьсьледаваньня справы далучыліся сьледчыя ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Жытомірскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG