Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па аварыі ў Ружанах, дзе загінулі паўгадовая дзяўчынка і яе бабуля. Іх прыціснула бярвеньнем зь перакуленага лесавоза.
Што здарылася?
17 лютага кіроўца аўтамабіля МАЗ, які перавозіў у прычэпе лесаматэрыял, спрабаваў аб’ехаць пешаходаў. Тыя ішлі насустрач па краі праезнай часткі, бо ходнікаў там няма. Прычэп перакуліўся, бярвёны ўпалі на жанчын і на дзіця ў вазочку. Паўгадовае дзіця і ягоная 44-гадовая бабуля загінулі. 25-гадовую маці дзяўчынкі шпіталізавалі.
Мясцовыя жыхары прасілі ўлады зрабіць ходнікі і пешаходны пераход на Косаўскай вуліцы яшчэ ў 2015 годзе. Тагачасны намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Кудравец адказаў, што «ўладкаваць пешаходную дарожку не ўяўляецца магчымым», бо «ня будуць забясьпечаныя патрабаваньні бачнасьці паверхні праезнай часткі і бакавой бачнасьці».
Што стала прычынай трагедыі
Паводле вэрсіі сьледзтва, прычынай здарэньня стала перавышэньне хуткасьці руху і неналежнае разьмяшчэньне ды мацаваньне грузу.
Пры пагрузцы лесаматэрыялаў кіроўца не замацаваў груз належным чынам. Бярвёны былі прывязаныя толькі двума мацавальнымі тросамі замест шасьці.
Навігатар у машыне паказаў, што хуткасьць лесавоза на павароце была 50 км/г пры максымальна дазволеных на гэтым участку 40 км/г. Экспэртыза паказала, што для перакульваньня было дастаткова хуткасьці 47,8 км/г.
І што за гэта будзе?
63-гадоваму кіроўцу лесавоза выставілі абвінавачваньне ў парушэньні правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспарту, што пацягнула празь неасьцярожнасьць сьмерць двух чалавек (ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд.
У часе сьледства мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Віну ён прызнаў цалкам, раскаяўся.