Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Ружанскага сельвыканкаму: на месцы трагедыі будзе роварна-пешаходная дарожка


Старшыня Ружанскага сельвыканкаму Аксана Манчык сказала карэспандэнту Свабоды, што сёлета ў пасёлку па вуліцы Косаўскай будзе зроблена роварна-пешаходная дарожка.

У дарожна-транспартным здарэньні ў гарадзкім пасёлку Ружаны (Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць) загінулі паўгадавое дзіця і яго 44-гадовая бабуля. 25-гадовая маці дзіцяці зь цяжкімі траўмамі шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленьне.

Трагедыя здарылася 17 лютага каля 12.20 на вуліцы Косаўскай. Кіроўца «МАЗа», які перавозіў у прычэпе лесаматэрыял, спрабаваў аб’ехаць пешаходаў, якія ішлі насустрач па краі праезнай часткі. Прычэп перакуліўся, бярвёны ўпалі на жанчын і на дзіця, якое ляжала ў вазочку.​

«Яна будзе праходзіць якраз у тым месцы, па тым баку праезнай часткі, дзе гэта здарылася. Гэта ў нас ёсьць у плянах. Там ёсьць знак абмежаваньня хуткасьці руху. Там разьвілка дзьвюх дарог. У кірунку Варанілавічы ёсьць знак „Рух без прыпынку забаронены“. Будзем разглядаць пытаньне, каб там яшчэ нешта ўсталяваць: магчыма знакі, магчыма пешаходны пераход ці сьвятлафор. Будзем выходзіць на ДАІ».

Паводле Аксаны Манчык, зрабіць ходнікі з двух бакоў немагчыма, бо там вузкая вуліца. Таксама яна сказала, што размовы пра аб’язную дарогу не вядзецца.

«Каб зрабіць абʼязную, таксама патрэбныя ўмовы. У плянах пакуль гэтага няма».

Аксана Манчык сказала, што маці загінулай дзяўчынкі зьбіраюцца пераводзіць з рэанімацыі.

«У яе чэрапна-мазгавая траўма, ідзе на папраўку. Але ёй пакуль не казалі, што здарылася. Сёньня павінны былі сказаць. Здарэньне вельмі жахлівае. Увесь пасёлак узбударажаны гэтым здарэньнем. Проста жах».

Мікалай Кудравец, да якога зьвярталіся ружанцы адносна ўладкаваньня ходнікаў і пешаходнага пераходу, цяпер старшыня Пружанскага раённага Савету дэпутатаў. Зь ім зьвязацца карэспандэнту Свабоды не ўдалося.

«Усё завязана на фінансы»

Гендырэктар РУП «Брэстаўтадар» Міхаіл Непачаловіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што на дарозе ходніка не было «з прычыны сьціснутых умоваў».

«Сёлета плянавалася па „Дажынках“ рабіць ходнікі амаль да самага Паўлава. Хоць там ёсьць знак абмежаваньня хуткасьці, відаць, кіроўца парушыў правілы. Але калі б там былі ходнікі, то ўсё роўна бярвёны паляцелі б».

Паводле Міхаіла Непачаловіча, рабіць аб’язную дарогу ў Ружанах пакуль не плянуецца.

«Калі б былі грошы, то, канечне, у ідэале было б добра зрабіць аб’езд вакол любога населенага пункта. У нас засталося мала населеных пунктаў у вобласьці, дзе няма аб’ездаў. Вось, магчыма, адзін зь іх — Ружаны. Яшчэ Пінск, хоць па Пінску пытаньне абмяркоўваецца, каб будаваць абход. У Высокім плянуем сёлета будаваць. Таму пытаньні вырашаюцца, але ўсё завязана на фінансы, усё адразу не пабудуеш».

Міхаіл Непачаловіч сумняваецца, што ў Ружанах зробяць роварную дарожку.

«Каб рабіць роварна-пешаходную дарожку, ёсьць нарматыўныя патрабаваньні. Для роварнай трэба, каб там праяжджала больш за 2,5 тысячы ровараў. А што да пешаходнай, то яна будзе зроблена».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG