Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі прапанаваў адмовіцца ад ЦТ і расказаў, ці падымуць заробкі настаўнікам


Ігар Карпенка, архіўнае фота
Ігар Карпенка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 26 жніўня прыняў з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку і агучыў сваё бачаньне праблемаў адукацыі. Сярод іншага ён сказаў, што чуў пра крытыку цэнтралізаванага тэставаньня (ЦТ), і загадаў да канца году правесьці вялікую пэдагагічную нараду.

Паводле Лукашэнкі, яго інфармуюць пра крытыку ЦТ, пра тое, што «ў нас ня ўсё ў парадку з паступленьнем у ВНУ», і ён «пачынае задумвацца» пра ўдасканаленьне сыстэмы паступленьня. Яго турбуе, што абітурыент «не здае экзамэны вочы ў вочы з экзамэнатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных установаў».

Міністар Карпенка пасьля сустрэчы з Лукашэнкам расказаў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», якія прапановы мае ён сам.

Замест ЦТ і выпускных іспытаў — «агульнанацыянальны экзамэн»?

На анансаванай Лукашэнкам нарадзе могуць абмеркаваць спалучэньне выпускных іспытаў у школе і цэнтралізаванага тэставаньня для наступнай ступені адукацыі. Карпенка толькі агучыў назву для такога спалучэньня — «агульнанацыянальны экзамэн» — і расказаў, чаму лічыць ідэю вартай.

«Мы ў школе, дапусьцім, пішам пераказ, — разважаў міністар. — А пры паступленьні ў ВНУ здаем тэст. Па матэматыцы пішам кантрольную работу, а пры паступленьні — тэст. Гэта розныя паводле формы іспыты. І, вядома, гэта стварае пэўныя праблемы».

Настаўнікі, казаў ён, цяпер «разрываюцца» між падрыхтоўкай да ЦТ і выпускных экзамэнаў. І іх, і школьнікаў можна «разгрузіць». Міністар таксама дапусьціў, што пры паступленьні ў ВНУ на спэцыяльнасьці, дзе патрэбная замежная мова, можа быць уведзены, напрыклад, іспыт для ацэнкі вымаўленьня.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што «зьмены ў кожным разе ня будуць укараняцца раптоўна».

Замест школьных дошак — мультыборды «Гарызонт»?

Да канца 2020 году ў беларускіх школах мае зьявіцца каля 2000 інтэрактыўных навучальных панэляў — «мультыбордаў». Але пагадненьні яшчэ не падпісаныя.

Паводле міністра, сёлета «сур’ёзна пачнуць» закупкі такіх панэляў, якія мае вырабіць беларускі завод «Гарызонт» (ці быў тэндэр, невядома), таксама міністэрства «выходзіць на сур’ёзны кантракт» з IT-кампаніямі «Парку высокіх тэхналёгіяў».

Рыштунак для інтэрактыўных дошак, падобна, яшчэ не пачыналі распрацоўваць. Міністар агучыў толькі сваё бачаньне таго, якім яно можа быць: напрыклад, можа быць інтэрактыўная мапа хады Грунвальдзкай бітвы.

«Усенавуч» усё ж могуць калі-небудзь скасаваць

«Усенавуч», які згадаў Карпенка, паходзіць з савецкага часу: гэта штогадовы пакватэрны абыход настаўнікамі раёнаў каля школаў для уліку дзяцей, якім належыць даць сярэднюю адукацыю. Пастанова Саўміну ўскладае гэты ўлік на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, упраўленьні адукацыі — але хадзіць звычайна прымушаюць настаўнікаў.

«Не скасуем мы ўсенавуч, бо мы ўсё роўна павінны ведаць, колькі дзяцей прыйдзе да нас у школу, — каб плянаваць і фінансаваньне, колькі клясаў трэба рыхтаваць, — сказаў міністар. — Гэта своеасаблівы аналіз. Калі мы пяройдзем на адзіны рэгістар насельніцтва — тады, можа быць, будзе магчыма гэта зрабіць».

Як адзначыў міністар, шлюць хадзіць па кватэрах менавіта настаўнікаў, бо «настаўнік мусіць ведаць, у якіх умовах ягоныя выхаванцы знаходзяцца дома».

Пра тое, што згаданы Карпенкам адзіны рэгістар можа запрацаваць ужо неўзабаве, чыноўнікі казалі яшчэ ў 2010 годзе, затым у 2012-м, а ствараўся ён быццам з 2005 году. Але пасьля 2013 году, калі сыстэму нібыта запусьцілі ў тэставым рэжыме, навінаў пра яе не было.

Заробкі настаўнікам не падымуць так, як абяцаў Лукашэнка, прынамсі да 2025 году

На сустрэчы з Карпенкам Лукашэнка казаў: «Не забывайце, мы дамовіліся, што настаўнік мусіць атрымліваць прынамсі сярэдні заробак».

Пасьля сустрэчы Карпенка сказаў, што ідзе рух «ў гэтым кірунку (...) і да 2025 году мусім выйсьці на поўную рэалізацыю гэтай стратэгіі». А пакуль настаўнікі маюць каля 85% ад сярэдняга заробку ў краіне, заявіў ён. Цяпер за 7 сёлетніх месяцаў сярэдні заробак (да адыманьня падаткаў і збораў) складае ў настаўнікаў 901 рубель.

Пра «папяровую працу», 10-бальную сыстэму адзнак і заняткі па суботах

  • «Калі будуць заўвагі зь месцаў, што кагосьці прымушаюць нейкія непатрэбныя дакумэнты пісаць — мы з гэтым разьбярэмся», — сказаў міністар. Але перагляду «папяровай працы» настаўнікаў не анансаваў: будзе толькі выразны пералік дакумэнтаў, якія рыхтуюць пэдагогі. Ад «плянаў-урокаў», таксама казаў Карпенка, «мы нікуды не сыдзем».
  • Цяперашнюю 10-бальную сыстэму адзнакаў могуць перапрацаваць «пры неабходнасьці», але каб ведаць, ці ёсьць неабходнасьць, «патрэбная канкрэтыка зь месцаў».
  • З навучаньнем у суботу «ня мусіць быць недарэчнага і нікому не патрэбнага прымусу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG