Упершыню за 4 гады беларуская каманда астрафізыкаў вярнулася зь міжнароднай алімпіяды з мэдалём. Свабода паразмаўляла з бронзавай мэдалісткай Міраславай Булгакавай пра іншаплянэтнікаў, прэзыдэнцкі фонд і будучыню беларускае навукі.
«Я не любіла фізыку клясы да 8-й, напэўна, — прызнаецца Міраслава, дачка рэдактара часопісу ARCHE Валера Булгакава і галоўнай бухгальтаркі Беларускай асацыяцыі журналістаў Алены Казловай. — Але пасьля я папрасіла бацькоў, каб мяне адправілі да рэпэтытара, і праз паўгода ўжо не магла спыніцца».
Любоў да фізыкі прывяла Міраславу ў ліцэй БДУ, на фізыка-матэматычны профіль. У 10-й клясе настаўнік астраноміі Віктар Малышчыц прапанаваў усім наведваць факультатывы рыхтаваньня да алімпіяды. Выкладае ён па-беларуску.
«У ліцэі, калі Віктар Васілевіч ці нейкі іншы настаўнік выкладаў па-беларуску, на гэта рэагавалі абсалютна нармальна, ніхто ня скардзіўся, — кажа Міраслава. — Усе ўсё разумелі, і факультатыў у нас ішоў па-беларуску, і зборы да алімпіяды. Ніколі я ня чула нэгатыўных водгукаў».
«У маленькім плянэтарыі 20 чалавек, дыхаць няма чым, а заданьні трэба выконваць»
Міжнародная алімпіяда, якая сёлета праходзіла ў горадзе Кэстхэй у Вугоршчыне, — гэта найвышэйшы этап. Пачынаецца ўсё са школьнай алімпіяды, пасьля выпраўляюць на раённую, а затым ужо на гарадзкую альбо абласную; далей можна трапіць на нацыянальную.
Зь пераможцаў нацыянальнай алімпіяды і зьбіраюць каманду на міжнародную: абраныя вучні выконваюць заданьні яшчэ адной, дадатковай, алімпіяды, і па яе выніках фармуецца каманда. Сёлета ў беларускай камандзе астрафізыкаў было 5 чалавек.
«Алімпіяда па астраноміі і астрафізыцы складаецца з практычнага і тэарэтычнага тураў, ёсьць і вельмі важная назіральная частка. На нацыянальнай алімпіядзе гэта звычайна проста мапа зорнага неба, дзе трэба пазначыць пэўныя зоркі ці правесьці лініі нябеснай сфэры.
А на міжнароднай усё ня так, бо назіральны тур складаецца з дзьвюх частак: плянэтарый і начныя назіраньні, калі мы выходзілі глядзець у тэлескоп. Для мяне гэта было самае складанае, бо там давалі 5 хвілін на заданьне, а трэба было яго прачытаць, асэнсаваць, пайсьці навесьці тэлескоп, нешта пазначыць на лісьце адказаў».
Паводле Міраславы, гэты тур «кволенька» напісала амаль уся каманда. У нас асабліва ня вучаць працаваць з тэлескопам, а вінаватае ў гэтым пераважна беларускае надвор’е: прыяжджаеш у поле паглядзець на зоркі, а па ўсім небе аблокі плывуць.
«Плянэтарый — вельмі маленькае памяшканьне, унутры 20 чалавек, дыхаць асабліва няма чым, а заданьні трэба выконваць. І самае складанае заданьне з гэтага туру было ўявіць, што мы апынуліся на Месяцы і бачым зацьменьне Сонца Зямлёй. І трэба было падлічыць, праз колькі часу зойдзе Зямля, праз колькі зойдзе Сонца. Трэба было таксама вызначыць, дзе менавіта мы знаходзімся на Месяцы і як называецца той кратэр».
«Калі ў космасе і ёсьць іншаплянэтныя цывілізацыі, то вельмі далёка, ня ў нашай галяктыцы»
Да таго як заняцца астрафізыкай, Міраслава ўжо ўдзельнічала ў нацыянальнай алімпіядзе ў ангельскай мове.
«Да 4-х гадоў, пакуль не пайшла ў садок, я ня ведала іншай мовы, акрамя беларускай. Але, ведаеце, я не лічу расейскую мову чымсьці чужародным, бо ў мяне сябры размаўляюць па-расейску, настаўнікі па-расейску, я на гэта нармальна рэагую. Проста так склаліся абставіны, што ў нас у краіне шмат хто размаўляе па-расейску. Я магу выкарыстоўваць і тую, і другую мову, для мяне гэта не праблема — а калі што, то й перайсьці на ангельскую».
Захапляцца космасам Міраслава пачала яшчэ ў дзяцінстве, чытала энцыкляпэдыі.
«У мяне зь дзяцінства быў пэўны жах, хваляваньне перад космасам, бо я думала — гэта бясконцасьць, як такое можа быць? Ня верылася, што мы адныя ў такой бясконцай прасторы. Мы, людзі, такія маленькія-маленькія, а космас такі аграмадны. Калі задумаесься пра гэта, то сапраўды страшна робіцца».
Міраслава не спадзяецца, што мы хутка знойдзем іншаплянэтныя цывілізацыі: у гэтай велізарнай прасторы калі нешта і ёсьць, то вельмі далёка, ня ў нашай галяктыцы. Але на самых першых — і самых далёкіх — касьмічных апаратах «Піянэр» (амэрыканскія касьмічныя апараты, якія запускалі пачынаючы з 1958 г.; «Піянэр-10» і «Піянэр-11» упершыню дасягнулі Юпітэра і Сатурна. — РС) зьмешчаныя пасланьні для іншаплянэтнікаў: там ёсьць касэта, дзе выяўлены чалавек, запісаныя гукі Зямлі. Неўзабаве ў «Піянэраў» скончыцца ядзернае паліва і яны будуць проста вандраваць у космасе — можа, кудысьці і трапяць, але хіба празь мільярд гадоў.
«Касмалёгія мяне цікавіць больш за ўсё, — прызнаецца Міраслава. — Гэта дасьледаваньне эвалюцыі сусьвету, і там больш за ўсё адкрытых пытаньняў. Ведаем пра Вялікі Выбух, але ня ведаем, чым усё скончыцца і ці скончыцца ўвогуле. Яшчэ мяне цікавяць аб’екты зь вялікім гравітацыйным патэнцыялам, напрыклад, „чорныя дзіры“ ці „кратовыя норы“ — як у фільме „Інтэрстэлар“. „Кратовая нара“ — гэта гіпатэтычны аб’ект. Калі ўзяць лісьцік, то можна ад аднаго канца да другога прайсьці проста, а можна лісьцік згарнуць, і зрабіць дзірку, і прайсьці наскрозь — гэта і ёсьць „кратовая нара“, калі каротка. Такія магчымасьці дасьледаваць сусьвет вельмі інтрыгуюць».
«У нас аграрная IT-краіна, а праграмістаў вылучаюць у асобную касту»
Вядома, Ілан Маск і яго касьмічная праграма цешацца пэўнай папулярнасьцю, але ж шырокай цікавасьці да навукі ў нас няма. Прынамсі, да беларускай, — мяркуе Міраслава.
«У нас аграрная IT-краіна, а праграмістаў чамусьці вылучаюць у асобную касту. У іншых краінах Эўропы такога няма. Але мне хацелася б далей пайсьці ў навуку, хоць навука ў нас, на жаль, у заняпадзе. Цяпер проста сьмешна атрымоўваць у Акадэміі навук 300 рублёў, ну хто туды пойдзе. Але ж, хто б што ні казаў, на фізфаку, ФПМ і паўсюль у БДУ ў нас добрая адукацыя, зь ёю можна быць пасьпяховым навукоўцам. Але ў нас няма магчымасьцяў працягваць гэтую дзейнасьць».
Маладыя навукоўцы часта зьяжджаюць за мяжу, часьцей за ўсё «адток розумаў» ідзе ў Расею і Польшчу. У Расеі нават ёсьць адмысловая праграма для моладзі Russia Study. Трэба падаць свае дасягненьні, дыплёмы алімпіядаў, і найлепшым прапаноўваюць паступленьне без іспытаў у буйныя расейскія ўнівэрсытэты.
Але Міраслава зьяжджаць ня хоча. Яна ўпэўненая: калі зьедзеш у 17 гадоў, то проста ня вернесься назад.
«За перамогу ў міжнароднай алімпіядзе даюць значок, і толькі тым, каго ўхваліць прэзыдэнт»
За перамогу ў міжнароднай алімпіядзе ўзнагароджваюць стыпэндыяй спэцыяльнага фонда прэзыдэнта.
«Даюць значок „Ляўрэат спэцфонду прэзыдэнта“, зь ім можна, наколькі я ведаю, паступаць куды хочаш два гады, — тлумачыць Міраслава. — Праўда, калі я ўдзельнічала ў нацыянальнай алімпіядзе ангельскай мовы, то мне ажно праз год патэлефанавалі пра стыпэндыю. Але значок толькі за міжнародную алімпіяду даецца, і то ня ўсім: толькі тым, каго ўхваліць прэзыдэнт, ня ведаю, паводле якіх крытэраў».
На міжнароднай алімпіядзе Міраславе вельмі спадабалася атмасфэра — больш свабоды. Усе жылі ў студэнцкім інтэрнаце і хадзілі адно да аднаго ў госьці.
«Я жыла зь немкай, з баўгаркай, і мы зь імі па-ангельску размаўлялі, а ўкраінцы хадзілі да нас у госьці. Мне вельмі спадабаліся нашыя пасядзелкі з украінцамі, мы размаўлялі пра ўсё: пра алімпіяду, пра нашыя краіны».
Дзяўчына без экзамэнаў паступіла на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ і вельмі чакае пачатку заняткаў. Поруч з вучобаю зьбіраецца далучыцца да нефармальных суполак. Напрыклад, «Атлянтыда» займаецца папулярызацыяй беларускай мовы ў БДУ, а апякуецца ёю акурат студэнт ФПМ; арганізацыя «Вандровар» папулярызуе роварны рух. Таксама на ФПМ ладзяць так званыя «лямпавыя сустрэчы», куды студэнты прыходзяць чытаць вершы, граць на гітары. Мае Міраслава і прафэсійныя пляны.
«У мяне ёсьць ідэя пайсьці ў ліцэй і весьці там факультатывы, — кажа Міраслава. — Ёсьць мара стварыць свой плянэтарый — гэта цяпер папулярна, можна рабіць праграму і для дзяцей, і для дарослых».
Задаволіць сваю цікаўнасьць да космасу, раіць Міраслава, можна ў абсэрваторыі Менскага плянэтарыю (ён працуе зь серады па нядзелю). Можна вывучаць астраномію дома: на сайце Astronomy picture of the day штодзень выкладаюць новыя здымкі космасу, а партал Стэлярыюм — гэта «хатні» плянэтарый, па якім можна вывучаць зорнае неба.