Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя правілы іміграцыі ў ЗША. Ужо ад 15 кастрычніка


Новыя правілы легальнай іміграцыі ў ЗША закрываюць уезд людзям зь нізкім прыбыткам. На грын-карту зараз змогуць прэтэндаваць толькі забясьпечаныя замежнікі.

Рэформа іміграцыйнай сыстэмы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыйшоў у Белы дом з абяцаньнем паправіць заганную іміграцыйную сыстэму, ня толькі пазбавіць краіну ад нелегальнай іміграцыі, але і жорстка абмежаваць легальную. Пра тое, што адміністрацыя прыступае да рэформы, ён абвясьціў яшчэ ў траўні.

Наш плян ператворыць іміграцыйную сыстэму Амэрыкі ў прадмет зайздрасьці

— Мы сабраліся тут сёньня, у гэты цудоўны вясновы дзень у Ружовым садзе, каб абвясьціць аб новым пляне стварэньня справядлівай, сучаснай і заснаванай на прынцыпах законнасьці сыстэме іміграцыі ў Злучаныя Штаты. Зрабіць гэта — самы час. Калі ён будзе прыняты, наш плян ператворыць іміграцыйную сыстэму Амэрыкі ў гонар нашай нацыі і прадмет зайздрасьці сучаснага сьвету.

Супраць візавай лятэрэі

На думку прэзыдэнта, іміграцыйная практыка ЗША адрозьніваецца недапушчальным лібэралізмам. Яго асабліва абураюць візавая лятарэя, калі права на пастаяннае жыхарства атрымліваюць выпадковыя людзі, і іміграцыя паводле прыкметы сваяцтва.

Найбуйнейшая зьмена, якую мы зробім, павысіць долю высокакваліфікаваных імігрантаў з 12 да 57%

— З прычыны нашых дэфэктных правілаў грын-карты з году ў год даюцца ў асноўным людзям нізкааплатнай і некваліфікаванай працы. Новапрыбылыя запаўняюць працоўныя месцы на шкоду самым уразьлівым амэрыканцам і становяцца цяжарам для нашых сацыяльных службаў і шчодрых праграм дапамогі маламаёмасным. Толькі 12 адсоткаў легальных імігрантаў адбіраюцца на падставе прафэсійнай кваліфікацыі або заслуг. У такіх краінах, як Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя і іншыя, гэтая лічба набліжаецца да 60 адсоткаў, нават да 70, у некаторых выпадках — да 75. Найбуйнейшая зьмена, якую мы зробім, павысіць долю высокакваліфікаваных імігрантаў з 12 да 57 працэнтаў, а мы хацелі б і большага.

Каб імігрант ня стаў «клопатам для грамадзтва»

Ад 15 кастрычніка іміграцыйныя ўлады будуць вызначаць, ці ня стане імігрант клопатам для грамадзтва

Адміністрацыя Трампа не змагла дамагчыся ў Кангрэсе падтрымкі свайго пляну адмены лятарэі і ўвядзеньня сыстэмы «заслуг і дасягненьняў», таму пайшла па шляху выданьня ведамаснай інструкцыі. На мінулым тыдні яе прадставіў журналістам выканаўца абавязкаў дырэктара Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША Кэн Кучынэлі. Ён заявіў, што пачынаючы ад 15 кастрычніка іміграцыйныя ўлады будуць вызначаць, ці ня стане замежнік пасьля прадстаўленьня яму права на сталае жыхарства клопатам для грамадзтва. Кучынэлі растлумачыў, што выраз «цяжар для грамадзтва» маецца ў законе, аднак да гэтага часу ў яго не было дакладнага вызначэньня.

— Пасродкам правіла грамадзкага клопату адміністрацыя прэзыдэнта Трампа ўмацоўвае ідэалы самазабесьпячэньня і асабістай адказнасьці, гарантуе, што імігранты маглі б самі сябе ўтрымліваць і дамагліся бы посьпеху ў Злучаных Штатах. Правілы перашкаджаюць таму, каб замежнікі, якія, цалкам верагодна, стануць клопатам для грамадзтва, прыяжджалі ў Злучаныя Штаты або заставаліся тут і атрымлівалі грын-карту.

Грын-карта для заможных

Галоўным крытэрам пры разглядзе прашэньня аб грын-карце стане матэрыяльнае становішча просьбіта. Згодна з новымі правіламі, яго прыбытак павінен ня менш як на 250 працэнтаў перавышаць фэдэральную рысу беднасьці. У цяперашні час гэтая рыса для сям’і з чатырох чалавек усталяваная на ўзроўні 25 750 даляраў на год.

Прыбытак павінен ня менш як на 250 % перавышаць фэдэральную рысу беднасьці

Чыноўнік іміграцыйнай службы будзе ўлічваць таксама ўзрост, стан здароўя і адукацыю замежніка. Істотнай перашкодай да атрыманьня грын-карты будзе цяпер факт атрыманьня сацыяльнай дапамогі ў мінулым. Адміністрацыя разьлічвае, што дзякуючы гэтым абмежаваньням адмовы атрымаюць прыкладна 400 тысяч семʼяў у год.

Нараджэньне дзіцяці ў ЗША

На чарзе цяпер — прадстаўленьне грамадзянства паводле права нараджэньня. Пра гэта недвухсэнсоўна заявіў Дональд Трамп.

— Мы разглядаем гэтае пытаньне вельмі сурʼёзна. Пераходзіш мяжу, нараджаеш дзіця — і гатовая справа, віншую, немаўля — амэрыканскі грамадзянін. Гэта, скажам наўпрост, недарэчна.

На думку шэрагу праваабарончых арганізацыяў і службовых асоб Штатаў, ведамасная інструкцыя — крок сумнеўнай законнасьці. Яны рыхтуюцца аспрэчваць яго ў судовым парадку.

Матэрыял падрыхтаваны паводле артыкулу карэспандэнта расейскай службы Радыё Свабода ў ЗША Ўладзіміра Абарынава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG