Папа Францішак у аўторак асудзіў нацыяналістычных палітыкаў, якія вінавацяць мігрантаў у праблемах сваіх краінаў і самі сеюць у грамадзтве недавер, праводзячы ксэнафобскую і расісцкую палітыку з мэтай павышэньня папулярнасьці.
82-гадовы папа, які зрабіў абарону мігрантаў прынцыповым пунктам сваёй праграмы, выступіў з такімі камэнтарамі ў сваім пасланьні на адзначаны Каталіцкай царквой Сусьветны дзень міру 1 студзеня. Пасланьне разасланае кіраўнікам дзяржаваў, урадаў і міжнародных арганізацыяў.
Яно зьявілася ў часе, калі іміграцыя становіцца адной з найбольш спрэчных праблемаў у такіх краінах, як ЗША, Італія, Нямеччына і Вугоршчына. Папа Францішак ужо уступаў у спрэчкі вакол правоў мігрантаў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і італьянскім міністрам унутраных справаў Матэа Сальвіні.
«Палітычныя заявы, якія ўскладаюць усё зло на мігрантаў і пазбаўляюць бедных людзей надзеі, непрымальныя», заявіў папа, не згадаўшы канкрэтных краінаў і кіраўнікоў.
Ён дадаў, што сёньняшнія часы «вызначаюцца кліматам недаверу, які караніцца ў страху перад іншымі або чужымі, у непакоі за асабістую бясьпеку».