Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура выкрыла парушэньні ў летняй працы БРСМ з падлеткамі


Будаўнічы атрад БРСМ, ілюстрацыйнае фота
Будаўнічы атрад БРСМ, ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Лоеўскага раёну праверыла дзейнасьць лягераў адпачынку і працы дзяцей, студэнцкіх атрадаў і выявіла парушэньні заканадаўства. Падлеткі працавалі на прадпрыемствах без дамоваў, спэцыяльнай вопраткі і сродкаў бясьпекі. БРСМ не праводзіў прафіляктычныя мерапрыемствы супраць алькаголю.

Вынікі пракурорскай праверкі былі накіраваныя ў райвыканкам для «прыняцьця мер і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці». Копію дакумэнту Свабодзе перадалі чытачы.

Што мусілі зрабіць чыноўнікі і БРСМ для адпачынку і працы школьнікаў?

  • Арганізаваць лягеры адпачынку і працы, студэнцкія атрады.
  • Забясьпечыць афармленьне працоўных дамоваў паводле заканадаўства, спэцыяльную вопратку і сродкі індывідуальнай бясьпекі.
  • Правесьці летам прафіляктычныя мерапрыемствы сярод падлеткаў наконт ужываньня алькаголю.

Што ўбачыла пракуратура пры праверках?

БРСМ абяцаў арганізаваць студэнцкі атрад і накіраваць яго на працу ў гаспадарку «Зара». На працу зьявіўся не атрад, а тры чалавекі. Іх працаўладкавалі, аформілі дамовы падраду — але з асаблівасьцямі па аплаце выкананых работ, прадугледжанымі для членаў студэнцкага атраду.

«У гэтым выпадку па віне арганізацыі, якая накіроўвала непаўналетніх (БРСМ), праца дзяцей на прадпрыемстве была аформленая з парушэньнем заканадаўства», — зазначыла пракуратура. Сакратар БРСМ дала пракуратуры тлумачэньні, што дамова з прадпрыемствам «Зара» аб працы студэнцкага атраду была скасаваная. «Але ў гаспадарцы якія-небудзь зьвесткі аб спыненьні дзейнасьці дамовы адсутнічалі, у сувязі з чым дзеці прынятыя на працу як члены студэнцкага атраду», — піша пракуратура.

Ілюстрацыйнае фота. Актывісты БРСМ на купальскім фэсьце ў Александрыі, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Актывісты БРСМ на купальскім фэсьце ў Александрыі, 2016 год

«БРСМ неналежным чынам выконваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на прафіляктыку парушэньняў сярод непаўналетніх», — прыйшла да высновы пасьля праверкі пракуратура.

Пракуратура пры праверцы лягераў адпачынку і працы выявіла, што:

  • Зь дзецьмі не праводзілі інструктаж, нягледзячы на прыцягненьне іх да выкананьня разнастайных відаў працы.
  • Некаторыя непаўналетнія працавалі, ня маючы мэдыцынскай даведкі.
  • Зь дзесяцьцю непаўналетнімі членамі лягера працы і адпачынку на базе Ручаёўскага дзіцячага саду-школы на момант праверкі не былі заключаныя працоўныя дамовы або дамовы падраду на выкананьне работ. Дзеці з моманту адкрыцьця лягера працавалі без спэцыяльнай вопраткі і сродкаў індывідуальнай аховы, хоць выконвалі працу, зьвязаную з апрацоўкай і перамешваньнем зерня.
  • Студэнцкія атрады працавалі на розных прадпрыемствах раёну. У гаспадарцы «Бывалькі», на Лоеўскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў і прадпрыемстве «Палесьсебуд» зь непаўналетнімі работнікамі не былі падпісаныя дамовы.
  • У гаспадарцы «Бывалькі» дзеці працавалі без спэцвопраткі — у сьпёку фарбавалі агароджу без галаўных убораў, без пальчатак, хлопчыкі працавалі без футболак. Аналягічна без спэцыяльнай вопраткі падлеткі выконвалі працы на зернесушыльным комплексе ў вёсцы Каўпень.

Хто вінаваты, што рабіць?

Пракуратура прапанавала райвыканкаму:

  • прыняць меры па ліквідацыі недахопаў;
  • распрацаваць альгарытм дзеяньняў, зьвязаных з афармленьнем на працу непаўналетніх;
  • прааналізаваць зьмест дамоваў, заключаных установамі адукацыі з прадпрыемствамі;
  • актывізаваць працу БРСМ па прафіляктыцы злачынстваў і правапарушэньняў;
  • разгледзець пытаньне аб прыцягненьні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG