Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Кітай раскрытыкавалі ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН 


Заля паседжаньняў Рады Бясьпекі ААН, ілюстрацыйнае фота
Заля паседжаньняў Рады Бясьпекі ААН, ілюстрацыйнае фота

У Радзе Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў адбылося экстранае пасяджэньне, скліканае з ініцыятывы Расеі і Кітаю ў сувязі зь нядаўнім выпрабаваньнем ЗША крылатай ракеты звычайнай канфігурацыі. Трансьляцыя зь Нью-Ёрку вялася на сайце ААН.

На думку расейскіх і кітайскіх уладаў, дзеяньні Вашынгтону нясуць пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Выканаўца абавязкаў пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітрый Палянскі заявіў, што сьвет стаіць у адным кроку ад гонкі ўзбраеньняў празь геапалітычныя амбіцыі ЗША. Паводле яго, абвінавачваньні Вашынгтону на адрас Масквы ў парушэньні Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці ёсьць галаслоўнымі.

Пастаянны прадстаўнік Кітаю ў ААН Лю Цзэі адзначыў, што Дамова была важная для стрымліваньня гонкі ўзбраеньняў. Ён заклікаў ЗША і Расею да дыялёгу і адзначыў нэгатыўныя наступствы пасьля выхаду Вашынгтона з Дамовы. Лю Цзэі заявіў, што абвінавачваньні ЗША на адрас Кітая ёсьць неабгрунтаванымі.

Выканаўца абавязкаў пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Джонатан Коэн у час паседжаньня абвінаваціў Расею ў парушэньні ўмоваў Дамовы і распрацоўцы ракет, далёкасьць якіх была забароненая. Коэн таксама заклікаў Маскву растлумачыць абставіны інцыдэнту, які адбыўся 8 жніўня пад Северадзьвінскам. Акрамя таго, ён абвінаваціў Кітай у нарошчваньні ракетнага патэнцыялу.

Вашынгтон 19 жніўня паведаміў аб першым выпрабаваньні крылатай ракеты пасьля выхаду ЗША і Расеі з Дамовы пра ракеты. Снарад праляцеў больш за 500 км і трапіў па цэлі. Раней Злучаныя Штаты не маглі распрацоўваць ракеты наземнага базаваньня далёкасьцю ад 500 да 5500 км.

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG