Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп перасьцярог Кітай ад «чарговага Цяньаньмэню» ў Ганконгу


Падчас акцыі пратэсту ў Ганконгу 18 жніўня ў Ганконгу
Падчас акцыі пратэсту ў Ганконгу 18 жніўня ў Ганконгу

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перасьцярог Кітай ад паўтору падзеяў 1989 году ў Ганконгу, калі пратэсты на Пэкінскай плошчы Цяньаньмэнь былі жорстка задушаныя. Ён папярэдзіў Кітай, што падобныя дзеяньні Пэкіну могуць сарваць гандлёвыя перамовы паміж ЗША і Кітаем.

«Я думаю, што будзе вельмі складана дамовіцца, калі яны зьвернуцца да гвалту. Я маю на ўвазе, калі будзе яшчэ адна плошча Цяньаньмэнь, я думаю, што будзе вельмі цяжка зрабіць гэта, калі будзе гвалт», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Трамп у чарговы раз заклікаў прэзыдэнта Кітаю Сі Цзіньпіна сесьці за стол перамоваў зь лідэрамі пратэсту. «Я хацеў бы, каб гуманітарнае пытаньне было вырашана ў Ганконгу. Гэта было б вельмі добра для гандлёвага пагадненьня», — сказаў Трамп.

Дзясяткі тысяч чалавек 18 жніўня выйшлі на чарговую акцыю пратэсту супраць росту ўплыву Пэкіну на Ганконг. За апошнія 10 тыдняў масавых дэманстрацый у Ганконгу адбыліся сутычкі з паліцыяй, але ў гэтыя выходныя не было актаў гвалту з боку пратэстоўцаў і паліцыі. Кітайскі ўрад раскрытыкаваў удзельнікаў акцыі, назваўшы іх дзеяньні «блізкімі да тэрарыстычных».

Арганізатары адзначаюць, што ў акцыі ўзялі ўдзел 1,7 мільёна чалавек. Паліцыя заяўляе, што ў парк Вікторыі, эпіцэнтар пратэстаў, прыйшлі 128 тысяч пратэстоўцаў.

Падчас акцыі 18 жніўня ў Ганконгу
Падчас акцыі 18 жніўня ў Ганконгу

16 жніўня ўлады Кітаю заявілі, што ўрэгуляваньне крызісу ў Ганконгу ня будзе рэцыдывам плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне 1989 году. Тады, 4 чэрвеня 1989 году, сілавыя структуры Кітаю жорстка задушылі акцыі пратэсту з патрабаваньнем дэмакратызацыі, забіўшы сотні пратэстоўцаў.

Ганконг ніколі ня быў незалежнай дзяржавай. У розныя часы ён знаходзіўся пад сувэрэнітэтам Кітаю, Вялікай Брытаніі, Японіі. У 1997 годзе Ганконг трапіў пад юрысдыкцыю Кітаю. У той жа час Ганконг захоўвае значную аўтаномію і фармальна можа самастойна абіраць кіраўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG