У сераду 14 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра гатоўнасьць сустрэцца з прэзыдэнтам Кітая Сі Цзіньпінам, каб абмеркаваць варыянты зьніжэньня напружаньня вакол крызісу ў Ганконгу, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Дональд Трамп паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў «Твітары»:
«У мяне няма сумневаў, што, калі прэзыдэнт Сі хоча хутка і чалавечна вырашыць праблему Ганконгу, ён можа гэта зрабіць. Асабістая сустрэча?»
У наступным паведамленьні ў «Твітэры» Дональд Трамп напісаў пра тое, што папярэдняй умовай для вырашэньня гандлёвых спрэчак паміж ЗША і Кітаем зьяўляецца «людзкае» абыходжаньне кітайскіх уладаў з Ганконгам.
Прапанова прагучала на фоне паведамленьняў пра канцэнтрацыю кітайскіх ваенізаваных падразьдзяленьняў на мяжы з Ганконгам. Тысячы жыхароў адмысловага адміністрацыйнага раёну Кітаю ўжо дзясяты тыдзень запар пратэстуюць супраць дамовы з Кітаем аб экстрадыцыі, патрабуючы адстаўкі кіраўніка выканаўчай улады Ганконгу.
Дзярждэпартамэнт ужо заявіў, што ЗША «глыбока занепакоеныя» перамяшчэньнем падразьдзяленьняў ваенізаванай кітайскай паліцыі блізка ля Ганконгу. На апублікаваных у сераду спадарожнікавых фатаздымках відаць вялікую колькасьць вайсковай тэхнікі на стадыёне гораду Шэньчжэнь, які прымыкае да Ганконгу. Па словах некаторых амэрыканскіх чыноўнікаў, на гэты момант няма прыкметаў таго, што Пэкін рыхтуецца ўвесьці войскі ў Ганконг, нягледзячы на разьмяшчэньне вялікай колькасьці ваеннай тэхнікі і пэрсаналу ў непасрэднай блізкасьці да аўтаномнай тэрыторыі.