Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чытаць безумоўна». Кніга беларускай паэткі Вальжыны Морт увайшла ў пяцёрку найлепшых выданьняў ва Ўкраіне


Вальжына Морт падчас прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Кіеве, травень 2019 году
Вальжына Морт падчас прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Кіеве, травень 2019 году

Кніга вершаў беларуска-амэрыканскай паэткі Вальжыны Морт «Епідемія троянд» («Эпідэмія ружаў») на ўкраінскай мове ў перакладзе Лесіка Панасюка і Дарыны Гладун увайшла ў топ-5 паэтычных зборнікаў, выдадзеных ва Ўкраіне ў 2019 годзе, паводле сайту Новинарня.

«Тэксты Вальжыны Морт не для слабых нэрваў і не для задавальненьня, бо яе стратэгія — зрабіць так, каб вам было некамфортна, жудасна і ў ідэале сорамна за шматвяковыя прыніжэньні і перасьлед беларусаў.

Спосабы ўзьдзеяньня на чытача цалкам барокавыя: паўсюль згадваныя ў тэксьце косткі, сьліна, геніталіі, сьлізь, экскрэмэнты, кроў і таму падобнае выклікаюць непераўзыдзены эфэкт. Гэта тычыцца ня толькі грамадзянскай, але і інтымнай лірыкі», — напісала ў сваёй рэцэнзіі літаратуразнаўца, крытык, кандыдат філялягічных навук, дасьледчыца старажытнай украінскай літаратуры, літаратуры 1920-х гадоў і сучаснай Тацяна Трафіменка.

​Паводле літаратуразнаўцы, у «Эпідэмыі ружаў» грамадзянскае і інтымнае наўрад ці існуюць асобна — навакольны сьвет становіцца адзіным арганізмам з чалавекам, і менавіта гэта стварае сынкрэтычныя вобразы Вальжыны Морт.

«Чытаць безумоўна: калі вам падабаецца жорсткая і прыгожая паэзія на складаныя тэмы; калі знаходзіце паралелі паміж гістарычнымі лёсамі ўкраінцаў і беларусаў; не баіцеся раздражняльных мэтафараў і натуралізму; хочаце ведаць, пасьля чаго лірычныя героі зборніка мыюць рукі; як патушыць усе сьвечкі на сьвяточным торце; што зьяўляецца, калі левая губа Польшчы і правая губа Расеі разыходзяцца; чым дзюраць сабакі, чыя поўсьць вісіць, як мокрае пер’е», — рэзюмавала Тацяна Трафіменка.

Вальжына Морт нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім унівэрсытэце. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швэцыі. Морт — ляўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнеэўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Хокін (Bess Hokin Prize) ад амэрыканскага часопіса Poetry.

Сёлета яе вершы ўпершыню былі выдадзеныя ва Ўкраіне на ўкраінскай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG