Фэдэральная служба нагляду ў сфэры сувязі, інфармацыйных тэхналёгій і масавых камунікацый (Роскомнадзор) запатрабавала ад Google забараніць рэклямаваць на YouTube «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы».
У паведамленьні ведамства, апублікаваным на яго афіцыйным сайце, гаворыцца, што «шэраг структур набываюць у YouTube рэклямныя інструм’нты, такія як “push-паведамленьні”, з мэтай распаўсюджваньня інфармацыі аб незаконных масавых мерапрыемствах, накіраваных на зрыў выбараў фэдэральнага і рэгіянальнага значэньня».
Пра якія менавіта структуры ідзе гаворка, у ведамстве не зазначылі, але накіравалі на адрас Google ліст з патрабаваньнем ужыць захады для недапушчэньня рэклямаваньня «незаконных мерапрыемстваў» на відэагостынгу YouTube. які належыць кампаніі.
У лісьце падкрэсьліваецца, што «ў выпадку непрыняцьця Google захадаў рэагаваньня, Расейская Фэдэрацыя будзе расцэньваць гэта як умяшаньне ў сувэрэнныя справы дзяржавы, пакідаючы за сабой права на адэкватную рэакцыю».
У сваю чаргу, у Савеце Фэдэрацыі заявілі пра тое, што на мітынгу апазыцыі 10 жніўня на праспэкце Акадэміка Сахарава ў Маскве «замежныя сілы выкарыстоўвалі відэагостынг YouTube для маніпуляваньня грамадзянамі Расеі, правакуючы іх на парушэньне закону».
Старшыня часовай камісіі Савету Фэдэрацыі ў пытаньнях абароны дзяржаўнага сувэрэнітэту і прадухіленьня ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Андрэй Клімаў удакладніў, што людзі, якія прыйшлі на мітынг, «бяз дай прычыны пачалі атрымліваць на свае гаджэты інфармацыю з крыніц, на якія ніколі не падпісваліся», і «гэтая інфармацыя насіла відавочна падбухторніцкі характар і фактычна адкрыта накіроўвала грамадзян у бок ахоўваных фэдэральных аб’ектаў». Ён дадаў, што такія дзеяньні «замежных апанэнтаў» крымінальна каральныя.