На акцыях за сумленныя выбары, якія праходзілі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску, затрыманыя 325 чалавек.
Паводле дадзеных праваабарончага парталу «ОВД-Инфо», у Маскве затрыманыя 229 чалавек, у Пецярбургу — 81, у Растове-на-Доне — 13 і двое ў Бранску.
У Маскве 10 жніўня прайшоў узгоднены мітынг на праспэкце Сахарава з патрабаваньнем дапусьціць да выбараў незарэгістраваных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу. Мітынгоўцы таксама патрабавалі закрыць крымінальную справу аб масавых беспарадках, распачатую пасьля несанкцыянаванай акцыі 27 ліпеня.
Паводле дадзеных валянтэраў аб’яднаньня «Белы лічыльнік», колькасьць удзельнікаў акцыі, верагодна, магла наблізіцца да 60 тысяч чалавек. МУС паведамляла аб 20 тысячах. Частка пратэстоўцаў пасьля мітынгу накіраваліся да мэтро «Кітай-горад», дзе пачаліся затрыманьні.
У Пецярбургу адбыліся няўзгодненыя акцыі ў падтрымку маскоўскага мітынгу. Іх удзельнікі заявілі, што праводзяць адзінкавыя пікеты, якія не патрабуюць узгадненьня.
Акцыі пратэсту працягваюцца ў Маскве з 14 ліпеня. Абвінавачанымі па крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» і «гвалце ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады» цяпер зьяўляюцца 13 чалавек.