Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыю Лукашэнкі папрасілі пракантраляваць перагляд прысудаў за наркатычныя злачынствы

абноўлена

Пікет руху «Маці 328» у менскім Кіеўскім сквэры, травень 2019
Пікет руху «Маці 328» у менскім Кіеўскім сквэры, травень 2019

У менскім Кіеўскім сквэры прайшоў пікет бацькоў, дзеці якіх асуджаныя па «антынаркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэксу.​ Удзельніцы руху просяць паспрыяць перагляду крымінальных спраў сваіх дзяцей, піша БелаПАН.

Хто пікетаваў?

Пікет цягнуўся паўтары гадзіны, у ім узялі ўдзел 10 чалавек. Аб правядзеньні пікету ініцыятары паведамілі ў Менгарвыканкам.

Удзельнікі пікету пазыцыянуюць сябе асобна ад падобных ініцыятываў «Маці 328» і «Наша права», якія дамагаюцца зьмяншэньня тэрмінаў пакараньня за наркатычныя злачынствы, а таксама дыфэрэнцыяцыі пакараньня ў залежнасьці ад масы і тыпу выяўленых наркатычных сродкаў.

Пікетоўцы не адмаўляюць, што іх дзеці вінаватыя, але ня згодныя з тым, што ў крымінальных справах былі акалічнасьці, якія дазволілі ўжыць больш суровае пакараньне.

Адна з удзельніц акцыі, Алена са Слоніма, сказала, што падобныя акцыі будуць працягвацца, пакуль справы іх родных ня будуць перагледжаныя, а дзяржаўныя органы не перастануць дасылаць адпіскі на іхнія звароты.

Чаго просяць у адміністрацыі Лукашэнкі?

  • Вывучыць прысуды «на прадмет законнасьці, справядлівасьці і абгрунтаванасьці».
  • Садзейнічаць падрыхтоўцы і перадачы ў Генпракуратуру і Вярхоўны суд аналізаў матэрыялаў крымінальных спраў, «у якіх дапусьцілі парушэньні правоў і законных інтарэсаў асуджаных».
  • Ліквідаваць парушэньні, якія садзейнічалі прызначэньню несправядлівых, на іх думку, пакараньняў.
  • Таксама просяць зьмяніць антынаркатычнае заканадаўства. Для гэтага просяць стварыць працоўную групу з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры, Вярхоўнага суду, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці.

Што яшчэ было на пікеце?

Паводле Алены, пасьля ранейшага пікету, які адбыўся 26 чэрвеня, некаторыя маці асуджаных пабывалі на прыёме ў старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы і генпракурора Аляксандра Канюка, а таксама на выязным прыёме ў намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Валерыя Міцкевіча. Гэтыя сустрэчы не прынесьлі чаканых вынікаў. Чаго дамагаліся ўдзельніцы сустрэч, не паведамляецца.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG