Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу супраць адвакаткі галоўнага інжынэра МЗКЦ спынілі


Адвакатка Вера Арэшка, архіўнае фота
Адвакатка Вера Арэшка, архіўнае фота

Крымінальную справу ў дачыненьні да намесьніцы старшыні Менскай калегіі адвакатаў Веры Арэшкі за выдаваньне зьвестак сьледзтва і незаконныя дзеяньні з агнястрэльнай зброяй спынілі праз адсутнасьць складу злачынства.

Пра гэта БелТА паведаміла прэсавая сакратарка Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэўт, спасылаючыся на інфармацыю Генпракуратуры, якая паступіла ў Менскую гарадзкую калегію адвакатаў.

На адвакатку завялі справу за выдаваньне тайны сьледзтва (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае максымум штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Як сьцьвярджалі ў МУС, жанчына раскрыла зьвесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў.

Як пракамэнтавалі Tut.by у Генэральнай пракуратуры, дзеяньні Арэшкі «не маглі прычыніць грамадзка-небясьпечных наступстваў», а ў зьдзейсьненым не было складу злачынства.

У час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю жанчына ня мае. Высьветлілася, што знойдзены пісталет і патроны належалі памерламу мужу адвакаткі.

Калегія адвакатаў заявіла, што мае намер абараняць калегу. Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк адзначыў, што завядзеньне крымінальнай справы на адваката выклікала насьцярожанасьць у яго як у судзьдзі.

Адвакатка Вера Арэшка не прызнала віны ў выдаваньні тайны сьледзтва і захоўваньні зброі, паведаміў Свабодзе старшыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў напярэдадні чарговага паседжаньня працэсу над былым галоўным інжынэрам МЗКЦ Галавачом.

19 ліпеня Першамайскі раённы суд Менску апраўдаў па ўсіх выстаўленых абвінавачаньнях галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэя Галавача, якога абараняла Вера Арэшка. 30 ліпеня Генпракуратура Беларусі абскардзіла апраўдальны прысуд галоўнаму Галавачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG