Міністар абароны ЗША Марк Эспэр рэзка раскрытыкаваў кітайскія ўлады, дзеяньні якіх у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне ён назваў «дэстабілізацыйнымі».
Марк Эспэр знаходзіцца ў першым замежным туры. Выступаючы 4 жніўня перад журналістамі ў Сыднэі разам зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо, кіраўнік Пэнтагону заявіў пра «рашучае непрыняцьце» Вашынгтонам «агрэсіўных паводзінаў» Кітаю.
Эспэр і Пампэо адзначылі, што Кітай займаецца мілітарызацыяй астравоў у Паўднёва-Кітайскім моры. Кіраўнік Міністэрства абароны ЗША падкрэсьліў, што Вашынгтон ня мае намеру сядзець склаўшы рукі, пакуль Кітай спрабуе «зьмяніць балянс сілаў у рэгіёне на сваю карысьць за кошт іншых».