Менскія ўлады вырашылі аднавіць фасад некалі двухпавярховага будынку школы езуіцкага калегіюму на Пляцы Волі, зьлева ад каталіцкай катэдры.
У 60-я гады ХХ стагодзьдзя гэты помнік архітэктуры барока быў перабудаваны ў безаблічную чатырохпавярховую музычную школу з канцэртнай заляй на апошнім паверсе і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён. Цяпер вырашана аднавіць фасад старога будынку, не разьбіраючы надбудаваныя некалі паверхі.
Гэта рацыянальнае, хоць і палавінчатае рашэньне.
Я за татальную рэгенэрацыю
Андрэй Дынько ў ФБ спытаўся маёй думкі пра новы праект. Я адказаў, што мяне нельга пытацца, бо я настроены вельмі радыкальна і рамантычна. Я за татальную рэгенэрацыю гістарычнага цэнтру Менску са зносам двух жылых дамоў на праспэкце Пераможцаў, Дому мод, інстытуту «Белпрампраект», гандлёвага дому і абодвух паркінгаў на Нямізе, а таксама двух будынкаў, якія сёньня атачаюць катэдру на Пляцы Волі.
Я таксама за перасоўваньне гатэлю Эўропа на старое месца, за аднаўленьне будынка гарадзкога тэатру і вяртаньне на старое месяца забудовы паўднёва-заходняга боку Пляцу Волі, якая закрые сабой кансэрваторыю. Ну і, вядома, за аднаўленьне дамініканскага касьцёлу Тамаша Аквінскага — самага вялікага храму Менску.
Людзей са зьнесеных будынкаў я б перасяліў у лепшае жытло з павелічэньнем раней займанай плошчы і выплатай вялікай кампэнсацыі на схіл ад Пішчалаўскага замку да Гарадзкога валу, пабудаваўшы там элітны жыльлёвы комплекс за дзяржаўны кошт.
Трэба разумець, што гістарычны цэнтар Менску — гэта ня толькі помнік гісторыі і культуры. Гэта яшчэ і імунітэт нашага народу ад спаўзаньня назад у імпэрыю. Каб Стары горад у Менску пасьля вайны захаваўся і быў адноўлены, то палітычных падзеяў апошняй чвэрці стагодзьдзя магло і ня быць. Я нават упэўнены — не было б.
Бязь вежы адноўлены фасад не запрацуе
Калі ж казаць пра праект аднаўленьня фасаду езуіцкай школы, дык лепш так, чым ніяк.
Але, на маю думку, аднаўляць фасад школы без аднаўленьня вежы з гадзіньнікам, якая стаяла некалі насупраць былога калегіюму справа ад катэдры, няма сэнсу. Зь вежай будзе лепш.
Гэтая вежа патрэбная Менску. Праз усё ХХ стагодзьдзе яна была сымбалем нашага гораду, галоўнай дамінантай гістарычнага цэнтру і яго сылюэту.
Вежа за ўсякую цану не хацела зьнікаць. У чэрвені-ліпені 1944 году яна была пашкоджана і спалена савецкай авіяцыяй, але выстаяла. У 1949 годзе нават быў абвешчаны конкурс на яе рэстаўрацыю і аднаўленьне.
Але нечакана ў 1952 годзе да вежы падагналі танк, зачапілі тросам і, падсекшы пілёны, павалілі. І ўявіце сабе — яна не разьбілася! Нейкі час вежа так і ляжала цэлая, непашкоджаная.
Некалі я апублікую ўспаміны старажылаў пра гэта. Вось аповед аднаго зь іх, архітэктара Барыса Кадушына:
«Памятаю, як будучы яшчэ школьнікам другой альбо трэцяй клясы, калі я вучыўся на Рэвалюцыйнай вуліцы, гэтая зьнесеная вежа ляжала на рагу Рэвалюцыйнай. Яе быццам бы нейкім тросам узялі і сьцягнулі, ляжала яна так роўненька. Мне было так цікава — ляжыць такая цэлая, непашкоджаная вежа...»
Гэтак будавалі ў Менску ў XVIII стагодзьдзі.
Таму езуіцкая вежа з гадзіньнікам — выдатны помнік менскага барока — павінна быць вернута на старое месяца. Сёньня гэтаму нічога не замінае.