Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 пытаньняў да справы мазыраніна, які парэзаў трох міліцыянтаў


Андрэй Рабешка
Андрэй Рабешка

У Гомелі 11 красавіка будзе вынесены прысуд жыхару Мазыра Андрэю Рабешку. Летась ён параніў нажом трох супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК. Мужчыну судзяць за спробу забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў, а таксама за крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску. Што ня так у гэтай справе? На якія пытаньні ня даў адказу суд?

Мазырчук сьцьвярджае, што абараняў сябе і жонку ад невядомых у чорным і масках, якія пад раніцу 30 красавіка 2017 году хітрасьцю выбавілі яго з дому на двор, напалі і пачалі зьбіваць. Міліцыя стаяла на тым, што Рабешка — «закаранелы крымінальнік», «бандыт», «вельмі небясьпечны тып», які спрабаваў вярнуць у Мазыры «ліхія 90-я», узначаліць мясцовых судзімых, наркаманаў, «займаўся махлярствам, крадзяжамі і вымаганьнем». «У цяперашняй ягонай групоўцы былі неаднаразова судзімыя крымінальнікі», — пісала газэта «СБ. Беларусь сегодня».

Прычынай візыту сярод ночы да Рабешкі міліцыя пазьней назвала падазрэньне ў крадзяжы зварачнага апарату і мыйкі высокага ціску агульным коштам больш за 1300 рублёў.

Сваёй віны Рабешка не прызнаваў і ў часе судовага сьледзтва, пра гэта ён сказаў і ў апошнім слове. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала для падсуднага 21 год пазбаўленьня волі.

1. Ці насамрэч быў крадзеж зваркі і мыйкі?

Андрэй Рабешка і другі фігурант справы, Аляксандр Падабедаў, сьцьвярджаюць, што ня кралі тэхнікі, а вынесьлі яе з кватэры з дазволу ўласьніцы жытла. Здарылася гэта 28 красавіка, за два дні да затрыманьня. Сьведка, уласьніца кватэры, давала паказаньні на судзе, што ня ведае, каму належала тэхніка. А пацярпелы, на думку адваката, не даказаў, што тэхніка належала яму. Інфармацыя ў міліцыю пра магчымы крадзеж трапіла ў выніку апэратыўна-пошукавага мерапрыемства «Кантроль у сетках электрасувязі». Адвакат Рабешкі зьвяртала ўвагу, што ў гэтай справе адсутнічае санкцыя пракурора на правядзеньне АПМ.

2. Рабешка — рэцыдывіст, рабаваў банкі ў Нямеччыне?

Праваахоўнікі сьцьвярджалі, што Рабешка рабаваў банкі ў Нямеччыне.

Але апошняя судзімасьць мазыраніна была пагашаная. У нямецкай турме, са слоў грамадзянскай жонкі Алены, Рабешка сядзеў за парушэньне заканадаўства аб дэпартацыі, і пасьля вызваленьня жыў у Нямеччыне восем месяцаў. За рабаўніцтва банкаў у заходнеэўрапейскай краіне наўрад ці даюць год турмы.

Андрэй Рабешка
Андрэй Рабешка

3. Ці абвінавачаны ўзначальваў у Мазыры злачынную групоўку?

Чаму тады яму не інкрымінуюць адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу і за кратамі цяпер знаходзіцца ён адзін?

4. Ці Рабешка рыхтаваў уцёкі, мог мець і ўжыць зброю?

Ён жыў у Мазыры навідавоку, не хаваўся, езьдзіў забіраць дачку ў школу, грамадзянскую жонку з працы, ня быў у вышуку. Дзяржаўныя выданьні пісалі, што міліцыя пайшла на начное затрыманьне з прымяненьнем фізычнай сілы, бо Рабешка мог мець і ўжыць зброю. Але АМАП быў на затрыманьні без бронекамізэлек. Калі Рабешка рыхтаваў уцёкі, то як ён адначасова зьбіраўся ўзначаліць мясцовых крымінальнікаў?

5. Ці АМАП папярэджваў мазыраніна крыкамі «Стаяць, міліцыя»?

Ці сапраўды Рабешка наўмысна ўзяў нож і намагаўся пазбавіць жыцьця супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ведаючы, што за гэта можа атрымаць сьмяротны прысуд? У адрозьненьне ад некалькіх гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж.

На першым пляне — пацярпелыя міліцыянты ў цывільным
На першым пляне — пацярпелыя міліцыянты ў цывільным

Невядомыя ў чорным і масках зайшлі ў двор пад раніцу, пастукалі ў вакно і папрасілі выйсьці гаспадара, бо «зачапілі тваё аўта, трэба разабрацца безь мянтоў». Калі Андрэй выйшаў, на яго напалі і пачалі біць. Абвінавачаны даваў паказаньні: ніхто з нападнікаў ня быў у форме, не прадэманстраваў дакумэнтаў, не папярэджваў «Стаяць, міліцыя!». Крыкі самога Рабешкі «Памажыце, забіваюць!» чулі суседзі, адзін ь іх, Віктар Крывіцкі, кінуўся на дапамогу з качаргой, і толькі тады пачуў ад невядомых «Стаяць, міліцыя!»

Пацярпелы міліцыянт Юрчанка на судзе заўважыў, што абвінавачаны не павінен быў здагадацца, што людзі ў чорным — міліцыя.

6. Ці Рабешка хацеў менавіта забіць міліцыянтаў?

Адвакат зьвяртае ўвагу на раненьні міліцыянтаў: большая частка зь іх ёсьць лёгкімі, яны маюць розную лякалізацыю, што тлумачыцца менавіта хаатычнасьцю нанясеньня пашкоджаньняў. Паводле адваката, гэта сьведчыць, што Рабешка не зьбіраўся менавіта забіваць супрацоўнікаў АМАПу.

7. «Крымінальны аўтарытэт» жыў у доме сваякоў грамадзянскай жонкі і ня меў свайго аўтамабіля

Алена Страха, грамадзянская жонка Рабешкі
Алена Страха, грамадзянская жонка Рабешкі

​Андрэй Рабешка жыў з грамадзянскай жонкай Аленай у доме яе сваякоў, ён ня меў уласнага аўтамабіля — пазычаў паезьдзіць на час у свайго прыяцеля. Жонка працавала час ад часу на мясцовым рынку.

8. Чаму Рабешку нельга было выклікаць позвай, затрымаць удзень?

Для затрыманьня ў начны час міліцыя павінна мець абгрунтаваньне, якога яны не прад’явілі. Згодна з рапартам начальніка 8-га ўпраўленьня па Гомельскай вобласьці ГУБАЗіК Аляксандра Зайца, датаваным 29 красавіка, быў пададзены запыт выдзеліць чатырох супрацоўнікаў АМАПу у цывільнай вопратцы, экіпіраваных штатным узбраеньнем, на аўтамабілі з 9.00 29 красавіка да 18.00 30 красавіка. А супрацоўнікі Мазырскага РАУС пра крадзеж зварачнага апарата і мыйкі даведаліся толькі пасьля абеду 29 красавіка — гэта не стасуецца з рапартам. Ён быў накіраваны начальніку УУС Гомельскага аблвыканкаму 30 красавіка, у 09.37, што значыць — узгадненьне аб выпраўленьні АМАПу адбывалася ўжо пасьля начных падзеяў.

9. Супрацоўнікі мясцовага РАУС прыехалі на месца здарэньня ўжо пасьля затрыманьня Рабешкі

У адпаведнасьці з мэтадычнымі рэкамэндацыямі аб плянаваным затрыманьні злачынцаў, група АМАПу ў цывільным мусіла паведаміць у мясцовы РАУС і выклікаць на дапамогу нарад у форме, што пад раніцу 30 красавіка 2017 году не было зроблена, як і не было падмацаваньня ў выглядзе аўтапатрулю.

10. Падазраваных у крадзяжы затрымліваюць АМАП і ГУБАЗіК?

Згодна з загадам МУС ад 17.01.2017, асноўныя задачы АМАП — затрыманьне асобаў, якія аказваюць узброены супраціў ці ўчынілі цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы, зьяўляюцца чальцамі арганізаваных злачынных груповак. Крадзеж, які інкрымінуецца Рабешку, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG