Кампанія «Фуд Таўн Бел» пабудуе ў Лагойску прадпрыемства, на якім будуць вырабляць айчынныя мясныя паўфабрыкаты для бургераў і чызбургераў McDonald’s. Гэта дазволіць скараціць імпарт паўфабрыкатаў з Расеі.
Мясцовыя жыхары, абураныя гэтым будаўніцтвам, пабывалі на прыёме ў кіраўніцтва Лагойскага райвыканкаму. Яны лічаць, што прадпрыемства стане крыніцай шумоў і дрэнных пахаў, а таксама забруджваньня глебы і вады.
«Гэта звычайная кухонная мясарубка»
Ганна Вікторчык — прадстаўніца кампаніі «Энэка», якая рыхтавала «Справаздачу аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе». Грамадзкае абмеркаваньне справаздачы мае адбыцца ў Лагойскім доме культуры 1 жніўня.
Вікторчык кажа Свабодзе, што абураныя жыхары зьвярталіся і да яе.
«Перш чым страйкаваць, трэба разабрацца, што будзе будавацца, — сказала Ганна Вікторчык. — Гэта ж не рэстарацыя McDonald’s, гэта ня цэх, там няма ні забою жывёлы, ні абвалкі, ні смажаньня, ні параньня. Там няма ніякіх пахаў. Гэта звычайная кухонная мясарубка, дзе круцяцца катлеты, фармуюцца і адпраўляюцца. Таму я запрашаю ўсіх прыйсьці 1 жніўня, каб людзі разумелі».
Што да суседзтва з жылой прыватнай забудовай, дык тут быў праведзены разьлік санітарна-абарончай зоны.
«Ну не ў маіх жа інтарэсах усё падганяць. У нас ёсьць экспэртыза, якая дасканала правярае ўсе разьлікі. Як правіла, крыніцаў выкідаў там няма. Напэўна, у людзей уяўленьне, што там будуць смажыцца катлеты альбо будзе ўвозіцца мяса на костцы. Мне адна жанчына тэлефанавала і абуралася, што мы будзем косткі выкідаць на пляцоўку. Ну што за лухта!»
Месца, дзе зьбіраюцца пабудаваць прадпрыемства
«Гэта прагрэсіўны праект»
Дырэктар «Фуд Таўн Бел» Максім Вяткін у размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што ягоная кампанія рэалізуе ў Лагойску праект будаўніцтва вытворчасьці мясных паўфабрыкатаў глыбокай замарозкі. Ён таксама запрасіў усіх ахвотных на грамадзкае абмеркаваньне праекту 1 жніўня.
«Там вы зможаце атрымаць усю інфармацыю і задаць вашыя пытаньні. Мы рыхтуем вельмі сур’ёзную, дэталёвую прэзэнтацыю, сход будзе адкрыты. Цяпер важна атрымаць дастатковую, неабходную інфармацыю, пацьверджаную фактамі і разьлікамі. Безумоўна мы верым, што гэта прагрэсіўны праект, і ўсё робім выключна з пазыцый адпаведнасьці нашаму і ня толькі нашаму заканадаўству», — сказаў Максім Вяткін.
Што ж будзе ў Лагойску?
Кампанія «Фуд Таўн Бел» плянуе рэалізаваць праект у Лагойску цягам 2019–2020 гадоў. Мясаперапрацоўчы завод узьвядуць на паўднёвай ускраіне гораду, каля дарогі на Менск. Яго асноўныя вытворчыя памяшканьні:
- вытворчы цэх;
- склад замарожанай сыравіны;
- склад ахалоджанай сыравіны;
- памяшканьне для размарожваньня;
- цэх разбору (разбор бэкону);
- цэх разбору (наразаньне бэкону);
- памяшканьне для пакаваньня;
- склад упакоўкі;
- склад гатовай прадукцыі;
- склад разабранай прадукцыі (бэкон);
- зона загрузкі;
- зона выгрузкі.
Вытворчая магутнасьць складзе 16 тон перапрацаванай сыравіны ў суткі. Будуць вырабляцца замарожаныя катлеты (16 тон у суткі) і нарэзаны бэкон (5 тон у суткі 2 дні на месяц).
Для вытворчасьці будзе выкарыстоўвацца ялавічына.
Гэтыя айчынныя паўфабрыкаты глыбокага замарожваньня будуць пастаўляцца ў рэстарацыі McDonald’s у Беларусі, а таксама экспартавацца ў Расею, Украіну, краіны Эўразьвязу.
Падставай для праектаваньня аб’екту стала інвэстыцыйнае пагадненьне паміж Менскім аблвыканкамам і ТАА «Фуд Таўн Бел». Пляцоўку для разьмяшчэньня вытворчасьці зацьвердзіў Лагойскі райвыканкам.
Што вядома пра кампанію «Фуд Таўн Бел»?
Асноўны від дзейнасьці «Фуд Таўн Бел» — перапрацоўваньне мяса, вытворчасьць мясных паўфабрыкатаў глыбокага замарожваньня. Яе дырэктар Максім Вяткін раней быў начальнікам аддзелу разьвіцьця і будаўніцтва McDonald’s у Беларусі.
15 рэстаранамі McDonald’s у Менску і Віцебску кіруе ўнітарнае прадпрыемства «КСБ Віктары Рэстараны». З 2012 году ўладальнік франшызы McDonald’s у Беларусі — уплывовы казахстанскі бізнэсовец Кайрат Баранбаеў. У 2016 годзе ён заявіў пра пляны адкрыць фуд-таўн у Беларусі і Казахстане.
У 2013 годзе дачка Кайрата Баранбаева Аліма выйшла замуж за Айсултана Назарбаева, унука экс-прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.
Цяперашнія пастаўшчыкі McDonald’s у Беларусі
Паводле сайту mcdonalds.by, большасьць цяперашніх пастаўшчыкоў беларускага McDonald’s знаходзяцца за межамі Беларусі.
З 2010 году катлеты зь ялавічыны для McDonaldʼs у Расеі, Беларусі і Азэрбайджане вырабляе кампанія «МаррРуссия» (з 2013 года ялавічыну для яе пастаўляе «Слонімскі мясакамбінат»). Польская фабрыка «Farm Frites» пастаўляе бульбу, расейская «Белая Дача Трейдинг» — рэзаныя салаты. Курыныя яйкі пастаўляе Салігорская птушкафабрыка. Булачкі пастаўляе з Расеі сетка хлебапякарняў «East Balt Bakeries», каву — Paulig, аднаразовы посуд — расейскае падразьдзяленьне кампаніі Huhtamaki.