Ва Ўкраіне 21 ліпеня праходзяць датэрміновыя выбары ў парлямэнт, якія маюць завяршыць абнаўленьне цэнтральнай улады, што пачалося з абраньня прэзыдэнтам Уладзіміра Зяленскага.
Два выбарчыя ўчасткі адкрыліся і ў Беларусі — у амбасадзе Ўкраіны ў Менску і ў кансуляце ў Берасьці. Агулам у Беларусі жыве альбо часова знаходзіцца і ўзялі адмацавальныя талёны для галасаваньня каля 11 тысяч грамадзян Украіны.
Амбасадар Украіны Ігар Кізім
Звычайна галасуе на выбарах толькі дзясятая частка зь іх, украінцы жывуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і ня ўсе выбіраюцца да ўчасткаў. Найбольшая яўка была сёлета 21 красавіка ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў — 12 працэнтаў.
Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім распавёў Свабодзе, што выбары праходзяць у штатным рэжыме, без нечаканасьцяў, выбарцы прыходзяць ужо на трэцяе ў гэтым годзе галасаваньне, таму праяўляюць большую дасьведчанасьць і абазнанасьць у працэдурах.
Паводле Аксаны Рублеўскай, старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, якая разьмяшчаецца ў Менску ў будынку амбасады, актыўнасьць выбарцаў меншая, чым на прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку і красавіку. За дзьве гадзіны раніцай прагаласавала каля 1 працэнта выбарцаў унесеных у сьпісы.
На выбарчым участку ў Менску працуе назіральніца ад Сусьветнага кангрэсу ўкраінцаў Сьвятлана Каваленка.
Сярод выбарцаў, што прыйшлі на ўчастаку Менску, грамадзяне Ўкраіны, якія паходзяць з розных рэгіёнаў. Ёсьць і людзі, якія пераехалі з Луганскай і Данецкай абласьцей, дзе шосты год адбываюцца баявыя дзеяньні паміж урадавымі войскамі і прарасейскімі сэпаратыcтамі з так званых «ДНР» і «ЛНР». З большага гэтыя людзі ня маюць статусу ўцекачоў, яны прыехалі ў Беларусь і ўладкаваліся самастойна.
Выбары праходзяць паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы: палова з 450 дэпутатаў Вярхоўнай рады абіраецца па партыйных сьпісах, палова — па аднамандатных акругах. Выбары не праводзяцца ў Крыме, які ў 2014 годзе далучыла Расея, а таксама ў раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, не падкантрольных украінскім уладам.
Цэнтрвыбаркам Украіны зарэгістраваў 22 партыі. Каб прайсьці ў парлямэнт, неабходна набраць як мінімум 5% галасоў. Згодна з рознымі апытаньнямі грамадзкай думкі, лідарам зьяўляецца партыя «Слуга народа» Дзьмітрыя Разумкова, якая падтрымлівае новага прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Зяленскага.