Генэральны дырэктар грузінскага незалежнага тэлеканалу Руставі-2 Ніка Гварамія звольнены са сваёй пасады. Гэта адбылося адразу ж пасьля таго, як уладальнікам тэлеканалу зноў стаў бізнэсовец Кібар Халвашы, які выйграў суд супраць цяпер ужо былых уладальнікаў каналу за права ўласнасьці на яго.
Тэлеканал у пачатку ліпеня стаў фігурантам буйнога палітычнага скандалу паміж Расеяй і Грузіяй. 7 ліпеня Георгі Габунія, вядучы аўтарскай праграмы P.S., якая выходзіць на Руставі-2, на рускай мове зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і нецэнзурна аблаяў яго. МЗС РФ у адказ заявіла аб непрымальнай «выхадцы» з боку тэлеканалу, а прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі і прэм’ер-міністар Мамука Бахтадзэ раскрытыкавалі Габунію. Пазьней журналіст быў адхілены ад працы ў эфіры.
Гварамія ў адказ на адхіленьне Габуніі заўважыў, што расцэньвае заяву прэмʼер-міністра краіны як умяшаньне ў справы тэлеканалу і спробу цэнзуры.
Праз тыдзень пасьля скандалу на тэлеканале афіцыйна зьмянілася кіраўніцтва.
Гварамія за некалькі гадзін да звальненьня заяўляў, што ў яго падпісаны кантракт з тэлеканалам да 31 сьнежня 2020 году і што ён нікуды не зьбіраецца сыходзіць. Пасьля адстаўкі ён заявіў аб палітычных прычынах свайго звальненьня, падкрэсьліў, што кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў і прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін «патрабавалі» закрыць тэлеканал.