20 ліпеня споўніцца 25 гадоў з дня першай інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Як кіраваная ім Беларусь, ён сам паўплываў на Расею за гэтую чвэрць стагодзьдзя?
Мы задалі гэтае пытаньне вядомым і ўплывовым расейскім палітычным экспэртам.
Сёньня мы прапануем вашай увазе адказ Мадэста Колерава, гісторыка, грамадзкага дзеяча, галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва Regnum. У 2018 годзе тры беларускія аўтары агенцтва былі асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады паводле абвінавачаньня ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.
Колераў: Ва ўплыве Лукашэнкавай Беларусі на Расею можа вызначыць тры пэрыяды гэтага ўплыву, якія непасрэдна залежалі ад характару і прыярытэтаў улады ў Расеі.
У першым пэрыядзе — да 2003 году — гэты ўплыў быў прадыктаваны слабасьцю ўлады ў Маскве і дыктатам яе інтэграцыйных абавязаньняў перад выбарнікамі. Трыюмфальны наступ Лукашэнкі прымусіў стварыць Саюзную дзяржаву, але ў Маскве гэта выклікала занепакоенасьць наконт перацяканьня ўлады ў Менск і нэрвовую рэакцыю на рост уплыву Лукашэнкі ў Расеі. Пікам гэтага недаверу была вядомая формула аб’яднаньня зь Беларусьсю ў выглядзе шасьці абласьцей і дарэмным пошукам альтэрнатывы Лукашэнку.
Крызіс у адносінах двух бакоў у 2003-2005 гадах, з аднаго боку, стварыў упэўненасьць у Маскве, што Лукашэнка больш не пагражаў Маскве перахопам улады, а з другога боку, прымусіў Менск пакінуць надзеі на працу Саюзнай дзяржавы і эксплюатаваць толькі донарскія прыярытэты Масквы ў вузкіх інтарэсах самой Беларусі.
З тае пары да 2019 году ўсе спробы Масквы знайсьці ў двухбаковых адносінах зь Менскам эканамічную ўзаемнасьць праваліліся.
Цяпер пачаўся трэці этап уплыву Лукашэнкі на Расею: фармальна зыходзячы з папярэдняга палітычнага дыктату ягонай волі, але цяпер радыкальна сапсаванага «падатковым манэўрам» Расеі. Гаворка ідзе пра эканамічнае зьнясіленьне сыстэмы Лукашэнкі, яе палітычную нацыяналізацыю і фактычную ліквідацыю саюзных адносін двух бакоў. У рэчышчы гэтай ліквідацыі каштоўныя сацыяльныя дасягненьні Саюзнай дзяржавы робяцца чыста палітычнымі, а не ідэалягічнымі, каштоўнасьцямі мінулай інтэграцыі, а ня той, якая разьвіваецца.