Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для расейскага электарату Лукашэнка аказаўся недастатковым патрыётам Расеі, — рэдактар Carnegie.ru


Аляксандар Баўнаў
Аляксандар Баўнаў

20 ліпеня споўніцца 25 гадоў з дня першай інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Як кіраваная ім Беларусь, ён сам паўплывалі на Расею за гэтыя чвэрць стагодзьдзя?

Мы задалі гэтае пытаньне вядомым і ўплывовым расейскім палітычным экспэртам.

Сёньня мы прапануем вашай увазе адказ Аляксандра Баўнава, публіцыста, палітоляга, былога дыплямата, галоўнага рэдактара сайту Carnegie.ru.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ў 90-я гады ўспрымаўся расейскім насельніцтвам як крытычная альтэрнатыва, як іншы спосаб кіраваньня ў падобнай сытуацыі
  • Лукашэнка ня мог прайсьці алігархічны і бюракратычны кастынг у Расеі
  • Грамадзян Расеі здолелі пераканаць, што Беларусь жыве за кошт Расеі
  • Для вельмі патрыятычнай часткі расейскага грамадзтва Лукашэнка аказаўся недастатковым патрыётам Расеі
  • З 2008-га, а асабліва пасьля 2014-га году, Беларусь аддаляецца ад Расеі

Баўнаў: Лукашэнка ў 90-я гады ўспрымаўся расейскім насельніцтвам як крытычная альтэрнатыва, як іншы спосаб кіраваньня ў падобнай сытуацыі. Для невялікай колькасьці новых уласьнікаў, якія зьявіліся ў 90-я, і для празаходняй інтэлігенцыі гэта быў кепскі прыклад. Але для вялікай колькасьці грамадзян Расеі рэжым Лукашэнкі ўяўляў сабой крытычную альтэрнатыву, зь якой яны параўноўвалі і рэжым Барыса Ельцына, і рэжым Уладзіміра Пуціна.

Падобная краіна, з падобнай эканомікай, за выключэньне нетраў, з падобным узроўнем адукацыі, але дзе не было прыватызацыі, закрыцьця прадпрыемстваў, рабаваньня агульнанароднай уласнасьці, мэдыявойнаў, палітычнай барацьбы, якая напрыканцы 90-х успрымалася як нешта хаатычнае і бруднае.

Вось чалавек, які максымальным чынам захаваў савецкую спадчыну і стылёва недалёка сышоў ад вобразу савецкага кіраўніка. Ельцын таксама быў такім, але Пуцін ужо не.

Пуцін паступова перахапіў некаторыя рысы рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўключыў у сваю прапаганду крытыку рэжыму Лукашэнкі. Да таго ж пачаў расьці ўзровень жыцьця ў Расеі, плюс да расейцаў сталі даходзіць зьвесткі, што гэты ўзровень не такі ўжо высокі ў Беларусі.

Паступова роля Лукашэнкі ў Расеі паблякла. У 90-я аб’яднаньне дзьвюх краінаў пад Лукашэнку разглядалася як магчымы варыянт, і Лукашэнка спадзевы на гэта меў.

Калі б ён тады выйшаў на народнае галасаваньне ў Расеі, яго б падтрымалі. Але ён ня мог прайсьці алігархічны і бюракратычны кастынг у Расеі. Інтэлектуалы падтрымлівалі капіталізм, нават той алігархічны капіталізм, які склаўся ў 90-я. Але амаль няма сумневаў, што ў народным галасаваньні ён быў бы наймацнейшым.

Зараз бы так не было. Ён не ўспрымаецца, як носьбіт сьвежай сілы. Ён ня цалкам страціў сваю прыцягальнасьць у вачах многіх. Але адбылося некалькі важных рэчаў. Грамадзян Расеі здолелі пераканаць, што Беларусь жыве за кошт Расеі.

Многія так лічаць. Людзей пераканалі, што калі беларускі досьвед гэта і гісторыя посьпеху, то гэта не зусім самастойны посьпех.

Па-другое, у 90-я была агульная на ўсіх постсавецкая беднасьць. І было цяжка разабрацца, дзе ўзровень жыцьця вышэй. Цяпер гэта стала зразумела.

Па-трэцяе, важны фактар — патрыятызм. Для вельмі патрыятычнай часткі расейскага грамадзтва Лукашэнка аказаўся недастатковым патрыётам Расеі.

Рэч ня толькі ў непрызнаньні Крыму і Абхазіі і спробах паўтарыць палітыку Кучмы, палітыку балянсу паміж Эўропай і Расеяй. Там лёгіка яшчэ прасьцей — калі ты такі патрыёт, чаму ты дагэтуль на чале незалежнай дзяржавы?

Калі Лукашэнка ўсімі сіламі супрацьдзейнічае далучэньню Беларусі да Расеі, то які ён патрыёт Расеі? Гэта галоўная прэтэнзія да Лукашэнкі з боку расейскага патрыятычнага электарату.

У 90-я, калі адзіная краіна распалася, калі былі вялікія праблемы з рэгіёнамі РФ, такога пытаньня не ўзьнікала.

Тады была лёгіка: як Лукашэнка можа хацець далучэньня сваёй краіны да Расеі, калі на чале яе стаіць такі прынізьліва сьмешны, хворы лідэр — лялька ў руках алігархаў?

Напачатку і да Пуціна патрыятычны электарат таксама ставіўся вельмі насьцярожана, гэта ня быў іх ідэал. Але Пуцін, які вярнуўся ў Крэмль у 2012 годзе, які пераадолеў спадчыну Мядзьведзева і перамог лібэральны вулічны пратэст — ён у пэўным сэнсе пераўзышоў Лукашэнку. І тады ўзьнікае пытаньне, чаму Беларусь ня хоча збліжацца і ў нейкім сэнсе рабіцца часткай Расеі. З 2008-га, а асабліва пасьля 2014-га году, яна наадварот аддаляецца ад Расеі.

Гэта больш за ўсё расчароўвае тых людзей у Расеі, якія маглі б патрымаць Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG