У Беларусі бачаць праблему ў тым, што расейскія кампаніі-рэзыдэнты ў значных аб’ёмах выводзяць зь Беларусі прыбытак замест рэінвэставаньня, заявіў на пасяджэньні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, піша БелТА.
Паводле Мясьніковіча, у Беларусі ствараюць камфортныя ўмовы для працы расейскіх кампаній — як рэзыдэнтаў Беларусі, так і тых, хто працуе ў каапэрацыі. І кампаніі-рэзыдэнты з расейскім капіталам «у значных аб’ёмах выводзяць зь Беларусі зароблены прыбытак, замест таго, каб яго ў асноўным рэінвэставаць».
У 2018 годзе прамыя інвэстары вывелі каля 50% прыбытку, у першым квартале 2019 году — 75%.
«У прынцыпе, гэта не супярэчыць беларускаму заканадаўству і міжнароднаму праву, але просім расейскіх партнэраў ня ставіць за галоўную мэту выманьне сродкаў зь Беларусі, а рэінвэставаць прыбытак», — дадаў ён.
Таксама Мясьніковіч выказаў спадзеў, што абмежаваньні доступу на расейскі рынак для беларускіх тавараў будуць здымацца.
Зьняцьце абмежаваньняў на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчаваньня зьяўляецца адным з вострых пытаньняў у стасунках Беларусі і Расеі. Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што каля 60 беларускіх прадпрыемстваў ня могуць пастаўляць прадукцыю на расейскі рынак праз забароны.
Расейскі бок пэрыядычна забараняе ўвоз прадукцыі зь беларускіх малако- і мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас у Расею зьнізіўся на 15-30%.
Акрамя таго, уводзяцца абмежаваньні і на ўвоз асобных таварных груп: так, у красавіку Расея ў аднабаковым парадку забараніла ўвоз зь Беларусі ялавічыны на костцы, яблыкаў і груш.