Мытня Нідэрляндаў канфіскавала 90 тысяч бутэлек гарэлкі расейскай вытворчасьці. Груз афіцыйна накіроўваўся ў Кітай, аднак ёсьць падазрэньне, што канчатковы пункт — Паўночная Карэя. На чым заснаваныя гэтыя здагадкі, няясна.
Як паведамляе тэлеканал Euronews, з гэтай нагоды будзе праведзена расьсьледаваньне. Алькаголь падпадае пад уведзеныя ААН санкцыі ў дачыненьні да КНДР.
Як паведамілі прадстаўнікі мытні, груз быў знойдзены ў порце Ратэрдама на караблі кітайскай кампаніі Cosco Shipping. Гарэлка была загружаная на борт у Гамбургу.
Паводле дадзеных нідэрляндзкага Міністэрства гандлю, кантэйнэр з 3 тысячамі скрынь алькаголю быў схаваны пад фюзэляжам самалёта, які перавозіў карабель. Галяндзкія СМІ напісалі, што бутэлькі былі прызначаныя асабіста для кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына і партыйных вярхоў краіны, аднак афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная.
Рашэньне аб канфіскацыі грузу прыняла міністар замежнага гандлю Нідэрляндаў Сыгрыд Кааг. Менавіта падкантрольнае ёй міністэрства адказвае за прымяненьне эканамічных санкцый, у тым ліку ў дачыненьні Паўночнай Карэі. Рашэньне пра тое, які лёс чакае канфіскаваную гарэлку, яшчэ не прынятае — яна можа быць зьнішчаная або прададзеная на аўкцыёне.