Ва ўкраінскім горадзе Харкаве аднавілі помнік савецкаму военачальніку маршалу Георгію Жукаву.
«Як і абяцаў — сёньня вярнулі на месца», — заявіў мэр гораду Генадзь Кернэс на сваёй старонцы ў Facebook, выклаўшы фота. Раней ён заяўляў, што народны дэпутат Віталь Хамутыньнік «паабяцаў даць на гэта грошы».
2 чэрвеня пратэстоўцы супраць зьезду партыі Кернэса і Генадзя Труханава «Давярай справам» зьнесьлі помнік Жукаву ў Харкаве. Замест яго ўдзельнікі акцыі ўсталявалі на пастамэнце сьцяг Украіны. Сам бюст пачалі разьбіваць малаткамі і сякерамі, а на сьпіне Жукава зрабілі надпіс «Кат». Паліцыя паспрабавала разагнаць удзельнікаў акцыі, а мэр паабяцаў аднавіць помнік.
У траўні 2016 году Харкаўскую станцыю мэтро «Маршала Жукава» перайменавалі ў «Палац спорту», а праспэкт Жукава — у праспэкт генэрала Грыгарэнкі. У пачатку траўня 2019 году на сайце мэрыі вывесілі пэтыцыі з патрабаваньнем вярнуць праспэкту і станцыі імя Жукава. 19 чэрвеня гарадзкая рада прагаласавала за перайменаваньне праспэкта Грыгарэнкі ў праспэкт Жукава. Сэсію пікетавалі, гісторыкі Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці патрабавалі ад мэра не рабіць гэтага, але Кернэс падпісаў рашэньне. Паліцыя адкрыла справу супраць гарсавету.
Георгій Жукаў — савецкі палкаводзец часоў Другой сусьветнай вайны. Асоба маршала Жукава ў гістарычнай і публіцыстычнай літаратуры мае супрацьлеглыя ацэнкі, крытыкі лічаць, што ён не цаніў жыцьця салдатаў. «Жукаўскае апэратыўнае мастацтва — гэта перавага ў сілах у 5-6 разоў, а інакш ён ня будзе брацца за справу; ён ня ўмее ваяваць ня колькасьцю і на крыві будуе сабе кар’еру», — так ацаніў Жукава іншы савецкі палкаводзец, маршал Андрэй Яроменка.
Гісторыкі Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці лічаць маршала Жукава ваенным злачынцам.