2 чэрвеня ва ўкраінскім Харкаве зьнесьлі бюст савецкага маршала Георгія Жукава.
У Харкаве праходзіў зьезд новай партыі, якую разам з саюзьнікамі ствараюць мэр Харкава Генадзій Кернэс і мэр Адэсы Генадзій Труханаў. Пад Палацам спорту, дзе адбываўся зьезд, прайшоў пратэст, адбыліся сутыкненьні і быў паранены прынамсі адзін чалавек.
Як паведамляе UA Харкаў, удзел у акцыі пратэсту прынялі прадстаўнікі «Самаабароны», «Харкаўскага эўрамайдану», «Нацыянальных дружын» і партыі «Нацыянальны корпус».
Пасьля таго, як на месцы акцыі зьявіліся ўзмоцненыя нарады паліцыі, актывісты перамясьціліся да бюста Жукаву і зьнесьлі яго. Замест бюста ўдзельнікі акцыі ўсталявалі на пастамэнце сьцяг Украіны. Сам бюст пачалі разьбіваць малаткамі і сякерамі. На сьпіне Жукава зрабілі надпіс «Кат».
Увага, у відэа прысутнічаюць нецэнзурныя выразы:
Георгій Жукаў — савецкі палкаводзец часоў Другой сусьветнай вайны. Асоба маршала Жукава ў гістарычнай і публіцыстычнай літаратуры мае супрацьлеглыя ацэнкі, крытыкі лічаць, што ён не цаніў жыцьцё салдат. «Жукаўскае апэратыўнае мастацтва — гэта перавага ў сілах ў 5-6 разоў, а інакш ён ня будзе брацца за справу, ён ня ўмее ваяваць ня колькасьцю, і на крыві будуе сабе кар’еру», — так ацаніў Жукава іншы савецкі палкаводзец, маршал Андрэй Яроменка.
Мэр Харкава Генадзій Кернэс заявіў, што помнік Жукаву будзе адноўлены.