Пяць суднаў, якія, як мяркуецца, належаць іранскаму Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), наблізіліся 10 ліпеня да брытанскага танкера ў Пэрсыдзкай затоцы і запатрабавалі, каб экіпаж спыніў судна ў іранскіх тэрытарыяльных водах, піша «Голас Амэрыкі».
Неўзабаве судны спынілі гэтыя спробы пасьля папярэджаньня з боку брытанскага вайсковага карабля, які падышоў, паведаміў неназваны прадстаўнік уладаў ЗША.
У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі гэтага здарэньня пакуль не пракамэнтавалі.
Інцыдэнт адбыўся амаль праз тыдзень пасьля таго, як брытанскія марскія пяхотнікі высадзіліся на борт іранскага танкера Grace 1 побач з Гібральтарам і затрымалі судна і экіпаж праз падазрэньне ў парушэньні перавозкі нафты ў Сырыю, якая знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Удзень 10 ліпеня прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані заявіў, што Вялікую Брытанію чакаюць «наступствы» ў сувязі з захопам іранскага танкера.
У траўні і чэрвені побач з паўднёвым узьбярэжжам Ірану былі атакі на некалькі танкераў розных краін. ЗША абвінавачваюць у гэтых нападах Тэгеран, у Іране дачыненьне да іх адмаўляюць.
Прадстаўнікі ўладаў ЗША паведамілі ў сераду на ўмовах ананімнасьці, што інцыдэнт з брытанскім танкерам British Heritage адбыўся на поўначы пратокі Армуз.
«Карабель Каралеўскіх ВМС Montrose, які таксама там знаходзіўся, нацэліў зброю на [іранскія] судны і папярэдзіў іх па радыёсувязі, пасьля чаго яны [іранцы] адышлі», — паведаміла Reuters адна з крыніц. «Гэта было перасьледам і спробай перашкодзіць праходу [танкера]», — заявіла другая.
Злучаныя Штаты спадзяюцца пераканаць сваіх саюзьнікаў стварыць у наступныя пару тыдняў вайсковую кааліцыю для абароны стратэгічных водных шляхоў, якія праходзяць паўз узьбярэжжа Ірану і Емэну. Пра гэта ў аўторак заявіў генэрал марской пяхоты Джозэф Данфорд, старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ВС ЗША.