Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты заступіліся за калегу, на якую завялі справы за выдаваньне тайны сьледзтва і зброю


Пісталет, знойдзены ў адвакаткі кампаніі «Прынцэпкансалт»
Пісталет, знойдзены ў адвакаткі кампаніі «Прынцэпкансалт»

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў (БРКА) заявіла, што мае намер абараняць калегу, на якую завялі дзьве крымінальныя справы. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце БРКА.

«Сытуацыя з адвакатам Менскай гарадзкой калегіі, у дачыненьні да якога пачатыя ўжо дзьве крымінальныя справы, паказала перш за ўсё, наколькі важна быць карэктным і строга выконваць этычныя нормы і правілы пры падачы той ці іншай інфармацыі ў СМІ для шырокага абмеркаваньня», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Гэта пытаньне абмяркоўвалася 10 ліпеня на пасяджэньні рады БРКА, і сябры рады выказалі агульнае меркаваньне па ім.

Як адзначаюць у БРКА, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі чалавек можа быць прызнаны вінаватым толькі паводле прыгавору суду. Таму, на думку адвакатаў, даваць ацэнку яшчэ не пацьверджаным дзеяньням, называючы іх «злачынствамі», ня толькі не карэктна, але і непрафэсійна.

«Мы, безумоўна, будзем абараняць нашага адваката, і ня толькі таму, што гэтага патрабуе закон, але яшчэ і таму, што ведаем яе як высокакваліфікаванага спэцыяліста, прафэсіянала і прыстойнага чалавека», — заўважыў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц.

«Калі ў дзеяньнях нашай калегі і былі нейкія парушэньні, то мы вельмі спадзяёмся, што кампэтэнтную ацэнку ім дадуць сьледчыя органы, суд і органы адвакацкага самакіраваньня», — сказаў ён.

Паводле ГУБАЗіК, затрыманая — намесьніца старшыні Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Шэраг СМІ зьвярнуў увагу, што такая намесьніца толькі адна, і гэта Вера Арэшка. У калегіі Свабодзе не пацьвердзілі і не абверглі зьвесткі пра крымінальныя справы адносна Арэшкі, але пацьвердзілі, што яна займае названую пасаду.

Адвакатка Вера Арэшка
Адвакатка Вера Арэшка

На адвакатку завялі справу за выдаваньне тайны сьледзтва (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла зьвесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў.

У час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю жанчына ня мае.

Што за справу вяла адвакатка

За час адвакацкай працы Вера Арэшка абараняла сотні людзей. Але найбольш працяглы час яе кліентам быў абвінавачаны ў хабарніцтве былы галоўны інжынэр Менскага заводу колавых цягачоў Андрэй Галавач, справа якога цягнецца ўжо пяты год. Яго затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году, спачатку асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі праз новае абвінавачваньне.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Цяпер яму інкрымінуюць хабары на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

Галавач не прызнае віны, у яго падтрымку супрацоўнікі заводу падпісалі 9 соцень лістоў на імя Аляксандра Лукашэнкі. Абараняе яго старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Арэшкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG