У сацсетках 10 ліпеня зьявіліся здымкі ліста нібыта ад старшыні Менскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу працаўнікоў мясцовай прамысловасьці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ільлі Шацько зь «пераканаўчай просьбай» падпісацца на старонку прафсаюзу на Facebook.
Прадстаўнікоў прафсаюзных суполак просяць таксама забясьпечыць штодзённае наведваньне старонкі прафсаюзу, а пры наведваньні «абавязкова ставіць сваю адзнаку (лайк) і дзяліцца навінамі (рэпост)». Да ліста прыкладзены альгарытм дзеяньняў.
На старонцы прафсаюзу дзеляцца навінамі зь ягонага сайту, а таксама сайту праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў і Парталу камунальнай пісьменнасьці. На старонку падпісаліся на момант публікацыі 129 карыстальнікаў.
Сакратар і галоўны спэцыяліст прафсаюзу пацьвердзілі Tut.by сапраўднасьць дакумэнту, а на пытаньне аб адказнасьці за невыкананьне «лайку» адказалі, што «напэўна, нічога» ня будзе.
Раней у дзяржаўных арганізацыях ня раз патрабавалі падпісвацца на друкаваныя дзяржаўныя СМІ, нават патрабавалі грошы за газэты з бацькоў школьнікаў.