Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяцей шкада, зусім маленькія». Тысячы людзей на пахаваньні ахвяраў аварыі ў Белаазёрску. Фота

абноўлена

Пахаваньне ахвяраў аўтамабільнай аварыі ў Белаазёрску, 9 ліпеня 2019 году
Пахаваньне ахвяраў аўтамабільнай аварыі ў Белаазёрску, 9 ліпеня 2019 году

У аўторак 9 ліпеня прайшло разьвітаньне з ахвярамі аўтамабільнай аварыі, у якой загінулі пяцёра, у тым ліку трое дзяцей. На вуліцы Белаазёрску выйшлі тысячы чалавек.

Аварыя здарылася ў нядзелю 7 ліпеня. Бездарожнік «Мэрсэдэс», якім кіраваў нецьвярозы 31-гадовы мясцовы жыхар, зьляцеў з дарогі на закругленьні і ўпаў у канал. У машыне было 10 чалавек.

Разьвітаньне з ахвярамі аварыі прайшло ў белаазёрскай царкве ўдзень 9 ліпеня. Трапіць на адпяваньне змаглі ня ўсе — да царквы прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Ня ўсе яны змаглі зьмясьціцца нават на дзядзінцы, людзі стаялі паабапал вуліцаў і за царкоўнай агароджай.

Труны зь целамі загінулых везьлі па вуліцах Белаазёрску. Сябры 21-гадовага Паўла, які ня змог выбрацца з багажніка затанулага аўтамабіля, несьлі труну зь ягоным целам на руках.

«Зусім малады хлопец, 21 год усяго, — расказала Свабодзе знаёмая сям’і загінулага. — Ён толькі з войска вярнуўся, яшчэ, здаецца, нават і на працу не ўладкаваўся. Нармальны хлопец, як усе. Ніякі ня п’яніца. Каб ня гэты багажнік… Ён бы выбраўся з машыны, каб не ў багажніку ехаў. А так… Куды там было».

Цела Ірыны Бярнацкай і яе дачкі Марыі да царквы прывезьлі з жалобнай працэсіяй ад школы №3, дзе вучылася дзяўчынка. Напярэдадні там жа адбывалася разьвітаньне. У жалобнай цырымоніі ўдзельнічалі вучні школы і настаўнікі.

«Дзяцей шкада, зусім маленькія дзеці, — гаворыць суседка Кацярыны, якая ў аварыі страціла дваіх дзяцей. — Мы ў адным доме жывём на Леніна, я знаю яе, і дзяцей знала. Вялікая бяда, увесь горад ведае, паглядзіце, колькі тут людзей. Так дзяцей шкада. Дарослыя ведаюць, што робяць, а дзеці тут пры чым».

Падчас цырымоніі разьвітаньня рух на некалькіх вуліцах побач з царквой быў спынены. Як гавораць жыхары Белаазёрску, трагедыя моцна закранула амаль кожнага жыхара 12-тысячнага гораду. Многія былі знаёмыя зь сем’ямі ахвяраў і тых, каму ўдалося выратавацца.

Пахаваньне адбудзецца ўвечары 9 ліпеня на белаазёрскіх могілках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG