Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію італьянскай газэце Corriere della Sera ня стаў адказваць на пытаньне аб тым, сыдзе ён з палітыкі ў 2024 годзе, калі заканчваецца ягоны прэзыдэнцкі тэрмін, ці застанецца, але ў іншай якасьці.
Пра гэта пакуль рана гаварыць, сказаў Пуцін і дадаў, што ў гэты момант яму ёсьць чым заняцца на пасадзе прэзыдэнта.
Расшыфроўка інтэрвію, якое прэзыдэнт Расеі даў напярэдадні візыту ў Італію, апублікаваная на сайце Крамля.
Раней Пуцін прызнаўся, што думае пра наступніка ад 2000 году. Аднак, паводле яго, Расея — дэмакратычная краіна, а таму яго наступніка вызначаць у выніку галасаваньня на выбарах. У лістападзе 2018 году на пытанне, як будзе выглядаць краіна пасьля заканчэньня яго паўнамоцтваў, Пуцін адказаў: «Куды вы так сьпяшаецеся? Я пакуль нікуды не зьбіраюся».
Другі запар шасьцігадовы тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Уладзіміра Пуціна заканчваецца ў 2024 годзе. Згодна з Канстытуцыяй Расеі, абірацца на трэці запар тэрмін ён ня зможа.