Улады Беларусі адклалі ідэю разьмяшчэньня бондаў на кітайскім рынку, перадае «Інтэрфакс» заяву міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.
Міністар адзначыў, што магчымасьць разьмясьціць аблігацыі, якія называюць «панда-бондамі», ёсьць. Але «зьявілася магчымасьць» атрымаць крэдыт «за кошт супрацы з Банкам разьвіцьця Кітаю» — раней паведамлялася, што Беларусь плянуе пазычыць там 3,5 млрд юаняў (каля 508–509 млн даляраў).
«Мы пакуль будзем вывучаць рынак, маніторыць цікавасьць інвэстараў КНР да сувэрэнных аблігацыяў на кітайскім унутраным рынку, — дадаў Ермаловіч. — Калі агульная сытуацыя стане спрыяльнай, зможам досыць хутка на гэты рынак выйсьці».
У сакавіку Савет міністраў даручыў Міністэрству фінансаў выпусьціць дзяржаўныя каштоўныя паперы ў Расеі на суму каля 467 млн даляраў. Разьмяшчэньня эўрабондаў не плянуецца, хоць Беларусь ужо разьмяшчала аблігацыі ў Эўропе на 600 млн даляраў у 2018 годзе і на 800 млн у 2017-м.