Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія экспэрты: Крэмль рыхтуецца да ядзернага канфлікту


Злучаныя Штаты абвінавацілі Расею ў правядзеньні выпрабаваньняў ядзернай зброі малой магутнасьці, што парушае ўзятыя Масквой абавязаньні згодна з Дамовай аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў. Амэрыканскія экспэрты папярэджваюць, што аднаўленьне Масквой ядзерных выпрабаваньняў можа прывесьці да дэмантажу сыстэмы кантролю і абмежаваньня ядзерных арсэналаў ЗША і Расеі. Расея такія падазрэньні катэгарычна адкідае. Сытуацыю аналізуе карэспандэнт Расейскай службы радыё Свабода ў ЗША Юрый Жыгалкін.

Заява аб парушэньні Расеяй Дамовы, ратыфікаванай Масквой у 2000 годзе, прагучала з вуснаў генэрала Робэрта Эшлі, кіраўніка выведнага ўпраўленьня Пэнтагону падчас ягонага выступу ў вашынгтонскім Гудзонаўскім інстытуце, прыватнай дасьледчай арганізацыі. «Злучаныя Штаты лічаць, што Расея, хутчэй за ўсё, не прытрымліваецца абвешчанага ёю мараторыю на ядзерныя выпрабаваньні», — падкрэсьліў генэрал. Гэта быў першы публічны выклік падобнага роду, кінуты Белым домам Крамлю. Ніколі раней Вашынгтон не сьцьвярджаў, што Масква хлусіць, настойваючы на тым, што яна не праводзіць выпрабаваньняў ядзерных набояў.

Генэрал Робэрт Эшлі
Генэрал Робэрт Эшлі

Зрэшты, генэрал пакуль ня выступіў з абвінавачваньнямі на адрас Крамля і зьвярнуўся да словазлучэньне «хутчэй за ўсё», кажучы аб парушэньні Масквой ядзернага мараторыю. Ён таксама не прывёў ніякіх падрабязнасьцяў пра дэталі і магутнасьць выпрабоўваных набояў. У гэтай гісторыі ёсьць асаблівы нюанс: гэтая Дамова фармальна не ўступіла ў сілу, таму што яе не ратыфікавалі ўсе 44 краіны, якія валодалі патэнцыйнай магчымасьцю стварыць уласную зброю масавага зьнішчэньня. Напрыклад, ЗША, якія першымі падпісалі Дамову яшчэ ў 1996 і ня праводзяць ядзерных выпрабаваньняў ад 1992, не ратыфікавалі яго. Тым ня менш, усе краіны, якія валодаюць ядзерным арсэналам, абавязаліся тады не выпрабоўваць ядзерных набояў. Цяпер жа, паводле газэты Wall Street Journal, усе амэрыканскія выведныя службы сыходзяцца ў думцы наконт аднаўленьня Расеяй ядзерных выпрабаваньняў.

Наяўнасьць патэнцыйных двух парушальнікаў Дамовы, хутчэй за ўсё, вымусіць ЗША адмовіцца ад мараторыя на ядзерныя выпрабаваньні

Тэставаньне набояў малой магутнасьці, паводле амэрыканскіх экспэртаў, праходзіць на архіпэлягу Новая Зямля. Мэта — стварэньне новых відаў ядзернай зброі. Прадстаўнік расейскай амбасады ў сваім камэнтары газэце заявіў, што Масква выконвае заключаныя ёй дамовы, уключаючы Дамову аб забароне ядзерных выпрабаваньняў. У Вашынгтона ёсьць сумневы і адносна таго, наколькі дакладна прытрымліваецца гэтай забароны Кітай. Наяўнасьць патэнцыйных двух парушальнікаў Дамовы, хутчэй за ўсё, вымусіць ЗША адмовіцца ад мараторыю на ядзерныя выпрабаваньні. «Мы ня хочам прытрымлівацца вышэйшых патрабаваньняў, чым Расея і Кітай», — кажа газэце неназваны прадстаўнік Белага дому.

Інфармацыя аб расейскіх ядзерных выпрабаваньнях на Новай Зямлі і нават чыста тэарэтычная пакуль імавернасьць аднаўленьня тэставаньня ядзернай зброі Вашынгтонам выклікала трывожныя камэнтары спэцыялістаў па кантролі над узбраеньнямі. У пачатку сёлетняга году Белы дом абвясьціў аб дэнансацыі Дамовы аб забароне ракет сярэдняй і малой далёкасьці, абвінаваціўшы Маскву ў тым, што яна вырабляе і нават разьмяшчае ракеты ў парушэньне гэтага ключавога савецка-амэрыканскага пагадненьня.

Расейскія ядзерныя выпрабаваньні на Новай Зямлі, хутчэй за ўсё, моцна паўплываюць на рашэньне Белага дому

Дамову аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў называюць апошнім існым блёкам у сыстэме кантролю над узбраеньнямі. Адміністрацыя Дональда Трампа зараз абмяркоўвае будучыню расейска-амэрыканскай дамовы СНВ-3, у рамках якога былі скарочаныя ядзерныя арсэналы ЗША і Расеі. Ён быў заключаны ў 2010 годзе, дзеяньне яго заканчваецца ў лютым 2021, але Белы дом усё яшчэ ня вырашыў, ці падаўжаць гэтае пагадненьне на пяць гадоў, ці зьмяніць яго палажэньні або прапанаваць нейкі новы падыход да праблемы кантролю і скарачэньня ядзерных арсэналаў.

Расейскія ядзерныя выпрабаваньні на Новай Зямлі, хутчэй за ўсё, моцна паўплываюць на рашэньне Белага дому, лічыць Стывэн Блянк, амэрыканскі вайсковы экспэрт, супрацоўнік Амэрыканскай замежнапалітычнай рады ў Вашынгтоне:

Стывэн Блянк
Стывэн Блянк

— Перш за ўсё, мы бачым парушэньне Расеяй яшчэ адной дамовы аб кантролі над узбраеньнямі. Па-другое, гэта сьведчаньне таго, што Крэмль спрабуе стварыць і мае намер выкарыстоўваць, я падкрэсьліваю, выкарыстоўваць ядзерныя зарады нізкай магутнасьці ў выпадку ваеннага канфлікту. Іншымі словамі, на мой погляд, расейскі ўрад рыхтуецца да ядзернага канфлікту і абавязаньні Расеі ў рамках міжнародных дамоваў нічога ня значаць для яго. У гэтым кантэксьце неабходна ўсьведамляць, што Расея ў дадзены момант разьмяшчае або распрацоўвае ад 20 да 25 відаў ядзернай зброі. Гэта зброя рознай магутнасьці, якая можа разьмяшчацца на носьбітах рознага радыюсу дзеяньня — ад малога да міжкантынэнтальнага. Яны гатовыя ўжыць ядзерную зброю, і я б сказаў, што становіцца ўсё больш відавочным, што ў выпадку вайны яны першымі нанясуць ядзерны ўдар.

— Як бы вы адказалі тым, хто кажа, што гэтыя страхі моцна перабольшаныя і з Крамлём трэба весьці перамовы, дамаўляцца, паколькі гэтыя дамовы ствараюць сыстэмы кантролю за іх выкананьнем?

Мы ня можам давяраць Расеі, мы ня можам разьлічваць на выкананьне ёй сваіх дамоўных абавязаньняў

— Мы можам весьці з Масквой любыя перамовы. Але сэнс перамоваў заключаецца ў дасягненьні вынікаў. Калі расейцы парушаюць фактычна ўсе падпісаныя імі дамовы — вазьміце хоць бы пагадненьне аб ракетах меншай далёкасьці, то адміністрацыі Трампа нават пры жаданьні ня ўдасца заручыцца падтрымкай у ЗША для заключэньня новых пагадненьняў з Крамлём. Таму што ўсё гэта паказвае, што мы ня можам давяраць Расеі, мы ня можам разьлічваць на выкананьне ёй сваіх дамоўных абавязаньняў, і любая дамова, заключаная зь ёй будзе, што называецца, аднабаковай, — кажа Стывэн Блянк.

Якім можа быць афіцыйны адказ ЗША на аднаўленьне Расеяй ядзерных выпрабаваньняў, пакуль незразумела. Хутчэй за ўсё, будуць павялічаныя асыгнаваньні на абнаўленьне і мадэрнізацыю амэрыканскага ядзернага арсэналу, у тым ліку, стварэньне ядзернай зброі малой магутнасьці.

Анатолі Антонаў
Анатолі Антонаў

Расея катэгарычна абвяргае абвінавачваньні ЗША ў парушэньні Дамовы аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, заявіў агенцтву РИА Новости расейскі амбасадар у Вашынгтоне Анатолій Антонаў. Паводле яго, выказаныя абвінавачваньні падобныя на «добра сплянаваную, зрэжысаваную атаку ня толькі і ня столькі на Расею, колькі на рэжым кантролю над узбраеньнямі, на ўсю архітэктуру стратэгічнай стабільнасьці».

«Расея знаходзіцца ў ліку тых краін, якія ратыфікавалі Дамову аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў, і мы заўсёды заклікалі Злучаныя Штаты Амэрыкі далучыцца да нас. Але тое, што мы чулі, не выклікае ў нас аптымізму, бо ЗША не зьбіраюцца далучацца да гэтага пагадненьня», — сказаў Антонаў. Паводле яго, гэтыя заявы Вашынгтону ідуць у рэчышчы «лініі на разбурэньне ўсёй сыстэмы» дамоваў аб раззбраеньні і нераспаўсюджваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG