Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятару, якога дачка абвінаваціла ў гвалце, зьбіраюць грошы ў царкве ў Гатаве. Фота


Царква ў пасёлку Гатава каля Менску, якую пабудаваў і дзе служыў Канстанцін Бурыкін
Царква ў пасёлку Гатава каля Менску, якую пабудаваў і дзе служыў Канстанцін Бурыкін

Супрацоўніца храму сказала Свабодзе, што ня верыць у новыя абвінавачаньні супраць Канстанціна Бурыкіна, вядомага як «бацюшка са свастыкай».

Праваслаўную царкву ў пасёлку Гатава каля Менску пабудавалі пры актыўным удзеле Канстанціна Бурыкіна. Гэта дало яму магчымасьць стаць сьвятаром безь неабходнай адукацыі. Пасьля арышту Бурыкіна набажэнствы ў храме праводзяць па чарзе два іншыя сьвятары — протаярэй Іаан Задарожын і сьвятар Аляксандар Грачышнікаў.

Па словах людзей, якія працуюць пры храме, цяпер набажэнстваў тут мала, пераважна ў выходныя. У працоўныя дні ў царкву амаль ніхто не прыходзіць. На ўваходзе ў царкву стаіць скарбонка для збору сродкаў сям'і Бурыкіна. Яна зьявілася тут пасьля яго арышту тры гады таму.

Пры царкве зьбіраюць сродкі для сям'і Бурыкіна
Пры царкве зьбіраюць сродкі для сям'і Бурыкіна

«Я чула пра новыя абвінавачаньні супраць айца Канстанціна, чытала гэты артыкул (інтэрвію дачкі сьвятара Аляксандры выданьню „Наша Ніва“. — РС.), — сказала Свабодзе адна з жанчын, якія працуюць пры храме ў Гатаве. — Я ня веру ва ўсё гэта, не магу паверыць. Верагодна, яго дачка расказала пра ўсё гэта пад нейкім узьдзеяньнем, у мяне няма іншага тлумачэньня».

Жанчына кажа, што ведае Канстанціна Бурыкіна з 2011 году, калі прыйшла працаваць у царкву. Па яе словах, для ўсіх прыхаджан храму ў Гатаве стала шокам яго затрыманьне па абвінавачаньні ў незаконным захоўваньні зброі. Што мяркуюць прыхаджане пра новыя абвінавачаньні, сказаць цяжка. Набажэнстваў у царкве пасьля гэтага яшчэ не было.

«Мы ня верым у тое, што айцец Канстанцін мог гэта ўсё рабіць, — працягвае жанчына. — З намі з усімі ён заўсёды быў добры, ніякіх заўваг. Ён заўсёды абараняў нас ад усяго гэтага... Ад эўрапейскага, заходняга. А тут такія абвінавачаньні».

Каля гатаўскай царквы
Каля гатаўскай царквы

Сьвятар Аляксандар Грачышнікаў, які цяпер служыць у храме ў Гатаве, — намесьнік старшыні Сынадальнага аддзелу па справах моладзі Беларускай праваслаўнай царквы. Ён ня стаў камэнтаваць новыя абвінавачаньні на адрас Канстанціна Бурыкіна. Протаярэй Іаан Задарожын пакуль недасяжны для камэнтароў.

Хто такі Канстанцін Бурыкін

Канстанцін Бурыкін
Канстанцін Бурыкін
  • Грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін быў праваслаўным сьвятаром, пабудаваў храм у Гатаве пад Менскам.
  • Яго называлі духоўнікам нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ), ён насіў тату свастыкі на грудзях і герба нацысцкай Нямеччыны на плячы.
  • Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу.
  • Цяпер ён асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўваньне зброі.
  • На яго завялі новыя крымінальныя справы за гвалтаваньне непаўналетняй дачкі, а таксама за прысваеньне грошай у буйным памеры.
  • Бурыкін зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні — прызнаў віну адносна зброі, але прасіў не пазбаўляць яго волі «дзеля чатырох дзяцей», таксама казаў, што «спыніў супрацу з РНЕ, калі ўлады абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG