29 траўня аб сваім вяртаньні ў палітыку Ўкраіны і пра ўдзел у выбарах у Вярхоўную Раду 21 ліпеня абвясьціла партыя «Рух новых сіл», створаная былым кіраўніком Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і экс-прэзыдэнтам Грузіі Міхэілам Саакашвілі.
«Мы, як партыя, пойдзем на гэтыя выбары і будзем адстойваць тую філязофію і тыя праекты, якія мы хочам рэалізаваць. Удзел у выбарах — гэта наш абавязак перад выбаршчыкамі», — распавёў адзін зь лідэраў партыі, былы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Давід Сакварэлідзэ.
Напярэдадні, 28 траўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі вярнуў Саакашвілі грамадзянства Ўкраіны, а сам палітык абяцаў, што прыляціць ва Ўкраіну ў сераду, 29 траўня. Саакашвілі пры гэтым заявіў, што ня мае палітычных амбіцыяў і не жадае займаць якую-кольвечы пасаду, але «хоча дапамагчы» камандзе новага прэзыдэнта.
Украінская сьпявачка Оля Палякова 29 траўня анансавала стварэньне ва Ўкраіне жаночай партыі:
«Зараз пачнецца перадвыбарчая гонка ў парлямэнт. І мне надакучыла галасаваць за нейкага дзядзьку з плякатам, пра якога я нічога ня ведаю, — заявіла артыстка на Форуме жаночага партнэрства ў сераду. — Таму я пачынаю стварэньне партыі, якая будзе адказваць на гэты запыт. І гэта будзе першая жаночая партыя ва Ўкраіне. Надышоў час жанчын. Яны часта зарабляюць самі, і крута, абслугоўваюць сям’ю, робяць сто справаў адначасова, думаюць аб сваёй прыгажосьці, цягнуць дзяцей і кожны дзень сутыкаюцца з гендэрным шавінізмам у нашым грамадзтве».
Раней Палякова апублікавала ў сваім інстаграме некалькі фота з новым прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.