Каля будынку парлямэнту Грузіі ў Тбілісі праходзіць новая акцыя пратэсту, паведамляюць грузінскія СМІ. Патрабаваньні ўдзельнікаў мітынгу не зьмяніліся: адправіць у адстаўку кіраўніка МУС краіны Георгія Гахарыя, пакараць паліцыянтаў, якія жорстка разагналі акцыю 20 чэрвеня, і вызваліць усіх затрыманых да канца дня.
Таксама пратэстоўцы патрабуюць, каб наступныя парлямэнцкія выбары праводзіліся паводле прапарцыйнай сыстэмы, перадае «Грузия Online».
Як перадае РБК, яшчэ адна ўмова удзельнікаў мітынгу — адстаўка міністра юстыцыі Тэа Цулукіяні. МУС Грузіі папрасіла ўдзельнікаў акцыі не парушаць закон аб свабодзе выказваньня, захоўваць грамадзкі парадак, не заклікаць да гвалту і агрэсіі.
У ведамстве таксама паведамілі, што пад адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мінулым мітынгу застаецца 121 чалавек.
Арганізатары суботняй акцыі заявілі, што яна працягнецца да таго часу, пакуль ня будуць поўнасьцю задаволеныя іх патрабаваньні.