Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Польшча адмовілася ад камунізму 30 гадоў таму. І што тады рабілі беластоцкія беларусы


Перамовы за «круглым сталом» паміж урадам і апазыцыяй у Польшчы, якія папярэднічалі дэмантажу камунізму ў краіне, люты 1989
Перамовы за «круглым сталом» паміж урадам і апазыцыяй у Польшчы, якія папярэднічалі дэмантажу камунізму ў краіне, люты 1989

30 гадоў таму — 4 чэрвеня 1989 году — у Польшчы адбыліся эпахальныя парлямэнцкія выбары, якія сталі пачаткам канца камуністычнай сыстэмы ня толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсёй Цэнтральнай Эўропе. Да канца 1989 году камуністычныя ўрады сышлі ў гісторыю ў кожнай з краінаў гэтак званага «сацыялістычнага лягеру», за выняткам, мабыць, Баўгарыі, дзе палітычная трансфармацыя пачалася ўсур’ёз толькі ў 1990 годзе.

Кожны, хто цікавіцца найноўшай палітычнай гісторыяй нашага закутка сьвету, чуў пра гэтыя польскія выбары і прынамсі збольшага ўяўляе сабе, чым яны закончыліся. Мала хто, аднак, ведае, што тыя выбары сталі знамянальнай падзеяй і для беларусаў на Беласточчыне — той дзень, 4 чэрвеня 1989 году, можна лічыць таксама датай нараджэньня беларускага палітычнага руху ў пасьляваеннай Польшчы. Пра гэтае нараджэньне мне хочацца напісаць некалькі словаў, ня толькі з пазыцыі назіральніка, але і ўдзельніка тагачасных падзей.

Камуністы пілі некалькі дзён без аддышкі

Ды спачатку, перш чым закрануць беларускі аспэкт, я прыгадаю некалькі агульных фактаў пра выбары, якія закончылі камунізм у Польшчы.

У 1989 годзе ў Польшчы выбары ў ніжнюю палату польскага парлямэнту былі часткова дэмакратычнымі — дамова паміж камуністамі і апазыцыяй за «круглым сталом» ў пачатку таго году забясьпечвала камуністычнай кааліцыі 65% месцаў у Сэйме (гэта значыць, 299 мандатаў), а за астатнія 35% (161 мандат) маглі пазмагацца ўсе, хто пажадае. Выбары ў верхнюю палату — Сэнат (100 мандатаў) — былі поўнасьцю свабоднымі.

Лідэр «Салідарнасьці» Лех Валэнса падчас выбарчай кампаніі ў траўні 1989 году
Лідэр «Салідарнасьці» Лех Валэнса падчас выбарчай кампаніі ў траўні 1989 году

Ніхто — ні камуністы, ні дзеячы «Салідарнасьці» — не спадзяваўся, што гэтыя выбары насамрэч стануць плебісцытам, у якім народ выкажа абсалютны вотум недаверу камуністычнай уладзе. Кандыдаты ад прафсаюзу «Салідарнасьць» узялі 161 дэпутацкі мандат у Сэйме і 99 сэнатарскіх мандатаў у Сэнаце. Параза камуністаў выглядала яшчэ страшней, калі згадаць, што толькі лічаныя зь іхных кандыдатаў здабылі гарантаваныя сабе мандаты ў першым туры (гэта значыць, набралі ў першым туры ня менш за 50% галасоў выбаршчыкаў). Людзі, ідучы за заклікамі «Салідарнасьці», масава выкрэсьлівалі камуністычных кандыдатаў, і спатрэбіўся другі тур галасаваньня, у якім не было прахаднога парогу 50% галасоў, каб камуністы маглі правесьці сваіх кандыдатаў. Яўка ў першым туры была 62%; у другім — усяго 25%.

У той час я толькі што памяняў працу і ўсяго трэці месяц працаваў журналістам у беластоцкай «Ніве». Перад тым я быў сакратаром у Беларускім грамадзка-культурным таварыстве (БГКТ), у якім кіраўніком быў чалавек, які раней працаваў у ваяводзкім камітэце Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП). Ад яго я дазнаўся, што вынікі выбараў шакавалі камуністаў ва ўсёй Польшчы і што яго калегі з ваяводзкага камітэту ПАРП у Беластоку кінуліся ў цяжкі і зацяжны запой. Усе ўжо прадчувалі, што камунізму надышлі капцы, бо камуністам нельга было кіраваць эканамічна нямоглай краінай, у якой у дадатак пераважная большасьць народу выказала камуністычнай уладзе такі аглушальны недавер.

Таму далей сытуацыя ў Польшчы пайшла паводле сцэнару, які прапанаваў Адам Міхнік — «наш прэм’ер, ваш прэзыдэнт». Першым некамуністычным прэм’ер-міністрам у пасьляваеннай Польшчы стаў Тадэвуш Мазавецкі, а генэрал Войцех Ярузэльскі быў зацьверджаны новавыбраным парлямэнтам на пасадзе прэзыдэнта...

Беларускую палітыку пачала групка інтэлігентаў

У лютым 1989 году ў Беластоку чалавек шэсьць-сем стварылі гэтак званы Беларускі клюб — нефармальную сябрыну беларускіх інтэлігентаў, якая вырашыла абмяркоўваць бягучыя палітычныя падзеі ў Польшчы. Тады якраз трывалі перамовы за «круглым сталом» паміж «Салідарнасьцю» і камуністамі. Наколькі мне прыгадваецца, на гэтай устаноўчай сустрэчы, якая адбылася ў кватэры пісьменьніка Сакрата Яновіча, акрамя гаспадара былі гісторыкі Юрка Туронак, браты Яўген і Антон Мірановічы ды Алег Латышонак, магчыма, нехта са студэнтаў, і я. Раней мы сустракаліся ў прыватных кватэрах з нагоды розных дакладаў і дыскусій на гістарычна-літаратурныя беларускія тэмы, але ў лютым 1989 зразумелі, што час падганяе нас закрануць і палітычную тэму. І калі стала ясна, што ў чэрвені будуць парлямэнцкія выбары, гэтая невялікая групка інтэлігентаў прыняла рашэньне паставіць на выбары сваіх кандыдатаў пад шыльдай Беларускага выбарчага камітэту. Нашым кандыдатам у Сэйм стаў Яўген Мірановіч, у Сэнат — Сакрат Яновіч.

Яўген Мірановіч, кандыдат Беларускага выбарчага камітэту на выбарах 1989 году ў Сэйм. Фота 2010-х гадоў
Яўген Мірановіч, кандыдат Беларускага выбарчага камітэту на выбарах 1989 году ў Сэйм. Фота 2010-х гадоў

У нас не было ні палітычнага досьведу, ні грошай на выбарчую кампанію. Але быў энтузіязм і падтрымка малодшага пакаленьня беларусаў, перш за ўсё хлопцаў і дзяўчат зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў, якое камуністычныя ўлады ўрэшце зарэгістравалі ў 1988 годзе, сем гадоў пасьля таго, як я і мае калегі выступілі ўпершыню з просьбай аб яго рэгістрацыю. Якраз студэнты і дапамаглі нашаму камітэту сабраць патрэбную для рэгістрацыі Сакрата Яновіча і Яўгена Мірановіча колькасьць подпісаў сярод электарату. У 1989 годзе ў Беластоку, Бельску і Гайнаўцы зьявіліся ўпершыню палітычныя плякаты на беларускай мове — на бел-чырвона-белым фоне быў надпіс: «Беларусы! Пра свае справы будзем гаварыць самі!» Шмат хто зь беларусаў прызнаваўся мне потым, што ўбачыўшы такі плякат на гарадзкой вуліцы, перажыў эмацыянальны шок. Такога ў камуністычнай Польшчы ніколі не было. Беларускаму грамадзка-культурнаму таварыству, якое было ўтворанае ў 1956 годзе і рупілася пра пабудову сацыялізму сярод беластоцкіх беларусаў, камуністы ні разу не дазволілі паставіць свайго кандыдата на выбары. Таксама і ў 1989 годзе пастулят БГКТ, каб у сьпісе камуністычных кандыдатаў у парлямэнт знайшоўся хоць адзін прадстаўнік беларускага асяродзьдзя, быў праігнараваны.

Куды ні кінь, усюды клін

Можаце верыць, можаце не, але скажу такое — у выбарах 1989 году ў вярхах «Салідарнасьці» брадзіла ідэя, каб у бельскай выбарчай акрузе у Беластоцкім ваяводзтве са сьпісу выбарчага камітэту «Салідарнасьці» балятаваўся беларус. Так бы мовіць, «Салідарнасьць» хоча на справе даказаць, што яна лічыць беларусаў сваімі братамі і хоча будаваць будучыню Польшчы якраз на аснове раўнапраўных адносінаў зь Беларусьсю і Ўкраінай. Файная ідэя, але яна мела сякую-такую падтрымку толькі ў Варшаве. У Беластоку мясцовыя дзеячы «Салідарнасьці» наадрэз адмовіліся мець якое-колечы дачыненьне зь Беларускім выбарчым камітэтам, укінуўшы нашу незалежную і антыкамуністычную выбарчую ініцыятыву ў адзін кацёл з камуністамі. То бок, мы нібыта выступалі на выбарах за камуністаў... Беластоцкіх салідарнікаў пераконваў узяць беларуса ў свой сьпіс сам Яцэк Курань, але не туды было... Усё, што Курань змог зрабіць, дык папрасіць Сакрата Яновіча перакласьці выбарчую адозву «Салідарнасьці» на беларускую мову і надрукаваць яе ў Варшаве ў колькасьці некалькіх дзясяткаў тысяч. Але калі пачкі з адозвай «Салідарнасьці» на беларускай мове прыйшлі ў Беласток, дзеячы «Салідарнасьці» іх спалілі. Ня ведаю, ці засталася хоць адна адозва ў архівах для гісторыкаў.

Вось так... Калі хто мяне сёньня пытае, а чаму беларусы на Беласточчыне не палюбілі «Салідарнасьці», дык я яму расказваю гэтую гісторыю 25-гадовай даўнасьці...

Сакрат Яновіч, кандыдат Беларускага выбарчага камітэту на выбарах 1989 году ў Сэнат. Фота 2006 году
Сакрат Яновіч, кандыдат Беларускага выбарчага камітэту на выбарах 1989 году ў Сэнат. Фота 2006 году

«Салідарнасьць» — гэта для нашага камітэту ў 1989 годзе быў насамрэч невялікі клопат. Праваслаўныя беларусы наўрад ці масава прагаласавалі б за беларускага кандыдата ў «каталіцкім» сьпісе «Салідарнасьці». А вось Падляскі выбарчы камітэт, які ўзьнік у тых выбарах пад крылом Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — гэта быў ужо палітычны сабатаж. Кандыдатам гэтага камітэту стаў украінскі актывіст з Варшавы, Багдан Мартынюк, які зь Беласточчынай ня меў нічога агульнага. Ягонае ўкраінскае паходжаньне ў выбарчай кампаніі наогул замоўчвалася. Вось гэты Падляскі выбарчы камітэт і апэляваў да таго самага электарату, што і мы, і, зразумела, памяншаў нашы выбарчыя шанцы, якія і бяз гэтага былі даволі эфэмэрнымі.

Бяда, як кажуць, ніколі ня ходзіць у адзіночку. Камуністы паставілі яшчэ аднаго «нашага» кандыдата на выбары — некага па прозьвішчы Міраслаў Суровец — пра якога пусьцілі ў народ чутку, што ён праваслаўны беларус. У камуністаў усё яшчэ была свая адміністрацыйна-прапагандысцкая інфраструктура, празь якую яны маглі маніпуляваць грамадзкай думкай, прынамсі ў тых асяродзьдзях, якія не любілі клерыкальна-нацыяналістычных нотак у прапагандзе «Салідарнасьці».

Значыць, за адзін дэпутацкі мандат у бельскай («беларускай») акрузе нашаму Яўгену Мірановічу давялося змагацца ня толькі з кандыдатам «Салідарнасьці» (які называўся Ян Бэшта-Бароўскі), але і з Мартынюком ды Суроўцам.

Наш выбарчы вынік быў ня надта ўражальны, але і не безнадзейны. Яўгэн Мірановіч атрымаў 14 352 галасы, прайграўшы Бэшту-Бароўскаму (83 тыс.) і Суроўцу (19 тыс.), але выйграўшы ў Мартынюка (11 тыс.). Сакрат Яновіч у змаганьні за крэсла сэнатара атрымаў 22 410 галасоў. Абодва сэнатарскія мандаты ў Беластоцкім ваяводзтве дасталіся кандыдатам ад «Салідарнасьці», якія атрымалі па больш чым 150 тысяч галасоў.

Гэта не была параза БВК

«Мы пайшлі на выбары без наіўнага спадзяваньня на нейкі выйгрыш. Мы ўзялі ўдзел у выбарах, каб паказаць, што існуем. Вынік перасягнуў усе мае чаканьні» — так Сакрат Яновіч падсумаваў польскім журналістам наш палітычны дэбют у 1989 годзе.

І ўсе дзеячы БВК думалі тады падобным чынам. Гэта ж ня жарты — калі скласьці ў адну кучу галасы, якія «нашы выбаршчыкі» аддалі за Мірановіча, Суроўца і Мартынюка, дык атрымлівалася амаль 50 тысяч! Пры прапарцыйным выбарчым заканадаўстве і шырокай «беларуска-праваслаўнай» кааліцыі мы павінны атрымаць не адзін, а як мінімум два дэпутацкія мандаты ў будучыні!

Таму восеньню 1989 году мы з запалам узяліся за стварэньне палітычнай партыі — Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня. Партыя ўзьнікла ў 1990 годзе, а свой палітычны апагей мела ў 1991 годзе, падчас наступных парлямэнцкіх выбараў, на якіх у сьпіс пад шыльдай Беларускага выбарчага камітэту нам удалося паставіць 10 сваіх кандыдатаў у Сэйм і аднаго — у Сэнат. Тыя выбары Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне з трэскам прайграла, але гэта ўжо іншая гісторыя, якую варта распавесьці пры нейкай іншай нагодзе...

Штогод у чэрвені, калі палякі прыгадваюць гадавіну выбараў 1989 году як пераломнага моманту ў сваёй найноўшай гісторыі, мне прыгадваюцца тыя незабыўныя вяснова-летнія дні, калі мы абляпілі ўвесь Беласток бел-чырвона-белымі плякатамі і моцна верылі ў тое, што беларусы падымуцца з каленяў...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG