МУС Казахстану паведаміла, што колькасьць загінулых пры выбухах боепрыпасаў у горадзе Арысь у Туркестанскай вобласьці Казахстану вырасла да двух чалавек. Раней паведамлялі пра аднаго загінулага.
Паводле прэм’ер-міністра Казахстану Аскара Маміна, загінулі адзін вайсковец і адзін цывільны, у машыну якога трапіў снарад.
Па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся 165 чалавек, зь іх 89 былі шпіталізаваныя, 15 чалавек цяпер знаходзяцца ў рэанімацыі. Горад быў эвакуаваны, паведамляе РІА «Новости».
Выбухі ў вайсковай частцы Міністэрства абароны Казахстану прагучалі раніцай 24 чэрвеня. Мясцовыя ўлады абвясьцілі надзвычайную сытуацыю ў рэгіёне і паведамілі аб распачатай эвакуацыі людзей з горада з насельніцтвам каля 43 тысяч чалавек.
Улады папярэдзілі, што сытуацыя ў Арысі застаецца небясьпечнай, паколькі выбухі працягваюцца і могуць адбывацца яшчэ некалькі дзён.
У раёне здарэньня ў Арысі пабывалі прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў і міністар абароны Нурлан Ермекбаеў.
У сакавіку 2009 году за два кілямэтры ад гораду Арысь на тэрыторыі навукова-вытворчага абʼяднаньня, каля вайсковай часткі Мінабароны, адбылося ўзгараньне выбуховых рэчываў з наступнай дэтанацыяй боепрыпасаў, прызначаных да ўтылізацыі. Тады таксама загінулі два чалавекі.