Майстра рамонту Мікалая Саўля апраўдалі ў справе аб сьмерці двух рамонтнікаў на горадзенскім прадпрыемстве «Гродна Азот». Рашэньне вынес суд Кастрычніцкага раёну Горадні 24 чэрвеня.
Мікалая Саўля раней абвінавачвалі ў парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць двух людзей (ч. 3 арт. 304 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Выбух у цэху аднаго з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў краіны здарыўся тры гады таму, 6 чэрвеня 2016 году. Рамонтнікі праводзілі агнявыя работы, расьпілоўвалі пры дапамозе газавага абсталяваньня мэталічныя канструкцыі. У гэтым цэху знаходзілася каля 60 тон небясьпечнага рэчыва гідраксілямінасульфату, якому, як пазьней высьветлілася, нельга там было захоўвацца праз пажаранебясьпечнасьць.
У нейкі момант рэчыва расклалася і пераўтварылася ў воблака, парамі якога насьмерць атруціліся двое рабочых 28 і 35 гадоў, яшчэ трое трапілі ў шпіталь. Справу ў судзе разглядалі амаль два гады, у тым ліку каб зразумець, ад чаго выбухнула небясьпечнае рэчыва і ці быў у гэтым вінаваты майстар.
Паводле заключэньня Горадзенскага ўпраўленьня Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, у тым, што здарылася, былі вінаватыя чатыры чалавекі: начальнік цэха, начальнік аддзяленьня, начальнік зьмены цэху і майстар рамонту. Аднак да суду дайшоў толькі адзін майстар.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.