Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты затрымалі адну з галадоўніц «Маці 328»


Лецішча, дзе трымаюць галадоўку «Маці 328»
Лецішча, дзе трымаюць галадоўку «Маці 328»

У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну мясцовыя міліцыянты затрымалі ўдзельніцу галадоўкі «Маці 328» Сьвятлану Віткоўскую. Жанчыну трымаюць у Сьвіслацкім аддзяленьні міліцыі больш за 4 гадзіны, прычыны затрыманьня невядомыя.

Пра затрыманьне Свабодзе паведаміла актывістка руху «Маці 328» Алена Кузьміна, на чыім лецішчы праходзіць галадоўка.

«Каля 11 раніцы Сьвятлана выправілася ў пасёлак Дружны на прыпынак, каб ехаць у Менск на чыгуначны вакзал, а адтуль да сябе ў Берасьце. Але яе затрымалі на вуліцы і вось ужо больш за 4 гадзіны не выпускаюць. Мы за яе вельмі непакоімся», — сказала Алена Кузьміна.

У Сьвіслацкім аддзяленьні міліцыі Пухавіцкага раёну карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што Сьвятлана Віткоўская знаходзіцца ў іх, але не патлумачылі прычыны затрыманьня і не сказалі, якія адносна яе будуць рабіцца захады.

Хто такая Сьвятлана Віткоўская

Паводле актывістак «Маці 328», Сьвятлане Віткоўскай 61 год, яна ўжо на пэнсіі. Яе сына арыштавалі за распаўсюд наркотыкаў.

«У сына канфіскавалі ўсе грошы і рэчы, але частка зь іх, як яна кажа, былі яе ашчаджэньнямі за шмат гадоў працы. Казала, што „пакінулі яе голай, зусім бяз грошай“. Прычым яна сьцьвярджае, што ў справе гэтыя сродкі не фігуравалі, і атрымліваецца, што іх проста забралі сабе», — кажа Алена Кузьміна.

Сьвятлана Віткоўская прыехала ў Востраў, каб падтрымаць акцыю «Маці 328», і галадала разам зь імі некалькі дзён.

17:50 Абноўлена. Сьвятлану Віткоўскую адпусьцілі зь міліцыі. Пра гэта Алене Кузьміной паведаміў дзяжурны Свіслацкага пастарунку.

З 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў галадаюць тры жанчыны з руху «Маці 328». Вядома, што да галадоўкі за гэты час далучаліся сама меней яшчэ 4 чалавекі. Некаторыя галадаюць па месцы жыхарства, некаторыя галадоўку спынілі.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»

11 чэрвеня актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць

  • Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам;
  • Гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства;
  • Перагляду спраў па 328-м артыкуле;
  • Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі»:
  • Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы;
  • Амністыі для непаўналетніх;
  • Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу.

13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

У красавіку-траўні 2018 годe актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG